Суд Гомельскага раёна 7 кастрычніка вынес прыгавор жыхару абласнога цэнтра 1961 года нараджэння. Мужчына выкраў аўтамабіль (арт. 214 КК) і ўчыніў ДТЗ, вынікам якога было прычыненне іншаму кіроўцу цяжкіх цялесных пашкоджанняў (арт. 317 КК). 

Як паведаміў памочнік пракурора Гомельскага раёна Кірыл Кадаўба, гамяльчанін прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі. Суд пастанавіў таксама спагнаць з абвінавачанага кампенсацыю маральнага і матэрыяльнага ўрону ўладальніку выкрадзенага аўтамабіля і пацярпеламу ў ДТЗ кіроўцу мапеда. 

Паводле слоў Кадаўбы, жыхар Гомеля працаваў майстрам па рамонце аўтамабіляў. 3 чэрвеня 2015 года ён узяўся дома за рамонт аўтамабіля. Наступным днём майстар выпіў і вырашыў пакатацца на чужым аўтамабілі. У дарозе адбылася разгерметызацыя пярэдняга кола, аўтамабіль выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з мапедам, якім кіраваў жыхар вёскі Краснае 1986 года нараджэння. Пасля сутыкнення з мапедам аўтамабіль уехаў у бетонную агароджу. Кіроўца аўтамабіля, паводле паказанняў відавочцаў, выйшаў з транспартнага сродку, дастаў бутэльку гарэлкі і пачаў піць. 

Кіроўца мапеда атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. Ён стаў інвалідам першай групы. У пацярпелага мужчыны на ўтрыманні двое непаўналетніх дзяцей. 

Прысуд не набыў моц, можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?