Нобелеўская прэмія для Святланы Алексіевіч: Стакгольм вачыма няўдаліц і развітанне з ілюзіямі. Чаго варта чакаць – і чаго чакаць больш ніколі не давядзецца.

Не, вы не падумайце, калі ласка, што я зайздрошчу.

Хаця чаго ўжо тут, зайздрошчу, вядома, – як і ўсе тыя сотні тысяч рознамоўных і разнамасных аўтараў, што спрабуюць у гэты момант складваць словы ў кнігі.

Як увесь той падвід чалавека пішучага, які так прывольна распладзіўся на планеце цягам апошніх стагоддзяў. Усе мы – нават тыя, хто яшчэ ні слова не напісаў, але збіраецца – раз на год, у кастрычніку, мусім зайздросціць нобелеўскім лаўрэатам у літаратуры: белай, чорнай, чырвона-зялёнай і іншых колераў зайздрасцю, і ад чаго ў кожным канкрэтным выпадку залежыць яе колер, цяжка сказаць. Магчыма, ад узросту, ступені прытомнасці і градусу ўласных амбіцый.

Такі закон літаратурных джунгляў, выдуманых намі, каб не было так сумна і самотна.

Натуральна, мая асабістая зайздрасць – белая, як першая старонка яшчэ не напісанай кніжкі. Я яшчэ малады і нікому не вядомы; цяпер мне ёсць на каго раўняцца – і каб раўняцца, не трэба хадзіць далёка. Нарэшце ўсё тут, пад рукою: і сэканд-хэнды, і чырвоныя людзі, і вайна з нежаночым абліччам. Зайздрасць – адзін з рухавікоў творчасці і акумулятар крыўдаў. Зайздрасць прымушае нас гаварыць.

Наш першы Нобель – скажа з гордасцю нацыя. І апошні – дадам я.

Зайздросціць можна не толькі на сваю карысьць. Мне пашанцавала: я з тых ідыётаў, якія нейкі час верылі і марылі, што першы беларускі Нобель дастанецца Алесю Разанаву. Не дрэнна склееным тэкстам Някляева і ўжо ж дакладна не марнаму Марчуку. Разанаў – мы насамрэч думалі пра яго. Наіўна, праўда? І сёння, 8 кастрычніка 2015 году, як ніколі выразна ўяўляеш сабе, што ты зрабіў бы, калі б прэмію атрымаў Разанаў, якога і ў намінантах сёлета не было.

Найперш – паход у найбліжэйшую краму па бутэльку віна. Няважна, якога: Разанаву не пасуе эстэцтва і роздум над коштамі, Разанаў – гэта строгасць, холад думкі і глыбіня. Зімовая рака. Маўклівы тост за беларускую літаратуру, вершы, прамоўленыя пра сябе ў восеньскім парку. Кніжкі Разанава доўга шукаць не давялося б: вось яны, на самай блізкай з палічак хатняй бібліятэкі.

Кніг Алексіевіч там няма, так ужо выйшла. Бо, на жаль, гэта кнігі не пра нас. Мы – не яе героі. Мы жывыя і жывем сёння, і краіна, дзе гэта адбываецца, даўно ўжо не Савецкі Саюз. У яе, гэтай краіны, выраслі малочныя зубы. І нам хочацца гаварыць: новым голасам, пра нашае сёння. І чытаць тое, што ад яго застанецца.

Вершы Разанава ў пустым і халодным зялёналускім скверы. І, наастачу, вясёлыя думкі пра азадачаных чаргінятаў і будучыя фуршэты. Разам з прыемным адчуваннем, што гэтую някідкую мову і гэтую таемную паэзію – заўважылі.

Нічога гэтага не здарылася і ўжо не здарыцца.

Цяпер мы з нашай беларускай мовай – зноў у цені.

Якую ўсходнееўрапейскую літаратуру больш за ўсё цэняць на Захадзе? Тую, якая адпавядае іхным уяўленням пра нас. Якая цалкам пацвярджае гэтыя ўяўленні. Якая дазваляе ім задаволена і маркотна, з адчуваньнем уласнай рацыі, уздыхнуць, прачытаўшы: «Мы так і думалі».

Ад нас не чакаецца самадастатковасці і ўпэўненасці. Галоўнае, чаго ад нас чакаюць – каб мы пачалі асэнсоўваць сваё мінулае і сябе ў ім. Нашае сёння – занадта плыўкае і незразумелае. Нашыя прэтэнзіі – неабгрунтаваныя. Нашыя паэты і нашыя філосафы – занадта незразумелыя. Яны і з’явіліся занадта рана – месца для Беларусі ў мазгах свету яшчэ няма, а філосафы ёсць: гэта нонсэнс. Асэнсоўвайце тое, што мы можам успрыняць і ацаніць – кажа Захад. Для большага час яшчэ не прыйшоў.

Менавіта гэтым і займаецца першая беларуская нобелеўская лаўрэатка.

Прыемна, што яе праца была ацэненая. Як прыемна бывае заўжды, калі высілкі таленавітага чалавека не мінаюць дарма. Бо тое, чаго варта баяцца ў першую чаргу – гэта пустата.

Прыемна, што першай уладальніцай Такой Узнагароды зрабілася жанчына.

Прыемна, што нешматлікія, але зацятыя камэнтатары сайтаў Радыё Свабода і «Нашай нівы», якія так доўга і так бяздарна цкавалі пісьменніцу, нарэшце падавяцца сваімі вывяржэннямі.

Прыемна, што…

Напэўна, гэта ўсё. Цяпер ад нас з новай сілай будуць чакаць таго, чаго чакаюць ужо даўно. Добрай літаратуры па-расейску. Тлумачэння савецкай душы, якую мы самі даўно пахавалі і на якую пакрысе забыліся.

Перамога Святланы Алексіевіч, як бы нам ні хацелася адваротнага, – гэта параза беларускамоўнай літаратуры. На шчасце, не ў ваенным сэнсе слова, а хутчэй, у спартовым. Проста некалькі кніг, напісаных журналісткай Святланай Алексіевіч па-расейску, аказаліся больш даходлівымі, уцямнымі і мудрымі для заходняга свету, чым уся прыгожая беларускамоўная літаратура з вагонамі яе кніг і сонмамі яе жывых і памерлых класікаў.

У чым тут рэч: у тым, што менавіта «велікій і могучій» ёсць мовай савецкай душы, якую нам прапануецца лічыць сваёй, і іншыя гаворкі непазбежна фальшывяць? А можа, у тым, што беларускамоўная літаратура свядома ідзе па заганным шляху самападману? Не тыя тэмы, героі, скажонае разуменне актуальнасці?

Магчыма, нас проста падвяла манія ўласнае велічы.

Якія наступствы будзе мець гэтая падзея для тысячы графаманаў, якія раптам палічылі, што ім ёсць, што сказаць свету? Ніякіх, хіба што зайздрасці ўнутры краіны зробіцца яшчэ болей, а перакладчыкаў з беларускай за мяжой – меней.

Ёсць яшчэ і такое пытанне: што гэтая прэмія дасьць беларускай літаратуры?

У тым і рэч, што, хутчэй за ўсё, нічога асаблівага. Беларусь яшчэ больш трывала будзе асацыявацца з расейскім культурным светам. Пошукі новых Талстых і Дастаеўскіх, улюбёная гульня заходніх настальгікаў, цяпер не абмінуць і нашы абшары.

Але што пераймацца? Нобелеўская прэмія мае такое самае дачыненне да літаратуры, як Георгій Марчук. Яе не атрымалі ні Джойс, ні Набокаў, ні Кафка.

А Святлана Алексіевіч вось атрымала. З чым яе і віншую. Шчыра, без радасці і нянавісці. З думкамі пра Разанава і з стылым блакітным вечарам за вакном.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?