Аб гэтым сказала сёння журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

«Мы можам ганарыцца чарговым поспехам краіны. Беларусь прагучала на ўвесь свет у галіне літаратуры з прызнаннем Святланы Алексіевіч. Міністэрства інфармацыі не можа не павіншаваць нашага Нобелеўскага лаўрэата, і такое віншаванне падрыхтавана. Больш за тое, з Нацыянальнай кніжнай палатай мы прагледзелі, якая колькасць кніг Святланы Алексіевіч маецца ў Беларусі. Дастаткова шмат кніг аўтара выдавалася ў савецкі перыяд, гэта ўсё захоўваецца ў архівах Нацыянальнай кніжнай палаты», — сказала міністр.

Паводле яе слоў, яшчэ два гады таму на кніжнай выставе-кірмашы «Белкніга» праводзіла знакавую прэзентацыю па адной з кніг Святланы Алексіевіч. Гэта была прэзентацыя выдавецтва «Время», у якога аўтарскія правы на кнігі Святланы Алексіевіч, але разам з тым у Беларусі вялікая чытацкая цікавасць да твораў гэтага аўтара была заўсёды. Пацвярджэннем таму з'яўляецца наяўнасць кніг у кнігагандлі, адзначыла міністр. Яна сказала, што ўчора літаральна за лічаныя хвіліны на стол кіраўніка ведамства ляглі шэсць найменняў кніг аўтара, якія ў цяперашні час знаходзяцца ў гандлёвай сетцы.

Міністр таксама лічыць важным, што кнігі Святланы Алексіевіч і да яе сусветнага поспеху актыўна рэалізоўваліся як у кнігагандлі Беларусі, так і Расійскай Федэрацыі.

У рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне», якая стартавала 6 кастрычніка, таксама знойдзе адлюстраванне творчасць Святланы Алексіевіч, адзначыла Лілія Ананіч.

Гаворачы аб магчымасці выдаваць у Беларусі кнігі Святланы Алексіевіч, міністр падкрэсліла, што ў выдавецкім працэсе актыўна ўдзельнічаюць усе ліцэнзіяты выдавецкай дзейнасці.

«Безумоўна, «Мастацкая літаратура», выдавецкі дом «Звязда», фарміруючы свае планы, стараюцца адбіраць тыя творы, якія знаходзяцца ў іх рэдакцыйным партфелі. Думаю, што праца па ўдасканаленні такога рэдакцыйнага партфеля павінна весціся кожным выдавецтвам. Але, напэўна, ёсць і такі аспект: калі аўтарскія правы ўжо прададзеныя нейкаму выдавецтву, то мы, на жаль, не маем права перавыдаваць гэтыя кнігі», — сказала міністр.

Яна таксама дадала: было прыемна чуць з вуснаў аўтара, што гэта нейкі вынік назапашанага гуманітарнага патэнцыялу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?