10.10.2015 / 21:48

У Мінску «карусельшчыкі» збілі назіральніка і спрабавалі забраць у яго ноўтбук 13

Падчас датэрміновага галасаваньня на выбарчым участку № 24 Менску назіральнікі зафіксавалі двух «карусельшчыкаў» і ўбачылі, як ім плацілі грошы за фіктыўны ўдзел у выбарах. На назіральніка ад АГП, падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая Казлова, які пачаў перасьлед «карусельшчыкаў», на вуліцы Багдановіча напалі і спрабавалі адабраць у яго ноўтбук. Назіральнік выклікаў міліцыю і патрабуе завядзеньня крымінальнай справы.

Мікалай Казлоў распавёў карэспандэнту Свабоды, што зь ім адбывалася на 24 участку 10 кастрычніка.

«Да 12 гадзінаў нібыта было ўсё нармальна, ішло звычайнае датэрміновае галасаваньне — то бок людзі пакрыху падыходзяць, галасуюць. І тут маю ўвагу прыцягнуў адзін выбарца сталага веку — на ім быў капялюш яўна не ягонага памеру і паводзіў ён сябе на участку неяк няўпэўнена. Але зарэгістраваўся, кінуў бюлетэнь. На выхадзе я падышоў да яго і папрасіў паказаць дакумэнты, а міліцыянта, які дзяжурыць на участку, папрасіў іх праверыць. Ці сапраўды ён тут жыве і мае права тут галасаваць? Але міліцыянт і супрацоўнікі выбарчай камісіі адмовіліся правяраць, сказалі, што на гэта ў іх няма права. Той чалавек адразу сышоў, а я пайшоў за ім. На вуліцы Багдановіча ўбачыў, што ён далучыўся да кампаніі такіх жа як ён людзей сталага веку, недзе іх было 4—5, у тым ліку жанчына. Я пайшоў за імі і пазьней убачыў, як ужо другая жанчына, маладзейшая, дае ім грошы — тым, якія ўжо прагаласавалі. Пачаў здымаць іх праз ноўтбук і тады два зь іх на мяне накінуліся, ударылі па нагах, спрабавалі адабраць ноўтбук. Цяпер я знаходжуся на выбарчым участку, выклікаў сюды апэратыўна-сьледчую групу і чакаю, калі прыедуць. Хачу хадайнічаць, каб завялі крымінальную справу на «карусельшчыкаў» за напад і за тое, што яны ўдзельнічалі ў фальшаваньні выбараў. Цяпер я дакладна ведаю, што ім плацяць за гэта грошы і падазраю, што супрацоўнікі выбарчай камісіі могуць у гэтым удзельнічаць», — сказаў Мікалай Казлоў.

Паводле Мікалая Казлова, два дні таму на выбарчы ўчастак № 24 ужо прыходзілі 6 «карусельшчыкаў», але прагаласаваць ім не ўдалося. «Ім, відаць, падалі сыгнал, што тут назіральнікі, і яны сышлі. На вуліцы я засьняў іх твары на відэа, яно выкладзенае на сайце АГП — «карусельшчыкаў» можна вызначыць. Між тым ў камісіі на мяне за гэта склалі пратакол, што нібыта перашкаджаю выбарцам. Магчыма, камісія захоча пазбавіць мяне акрэдытацыі назіральніка», — распавядаў Мікалай Казлоў 9 кастрычніка.

***

Мікалай Казлоў — актывіст АГП, былы падпалкоўнік міліцыі, які на парлямэнцкіх выбарах 2008 году выкрыў укідваньне фальшывых бюлетэняў падчас датэрміновага галасаваньня, пасьля чаго быў звольнены з міліцыі.

0
Таццяна / Адказаць
10.10.2015 / 23:02
Вот так 36% и набрали!
0
Няпросты саўгаснік / Адказаць
10.10.2015 / 23:22
Ну вот тут што-та не очэнь веру, снимать праз ноутбук прам стал. И с ноутбукам бижал. Вапшчэ зачэм каму-та платить када бюджетники и студенты бисплатна галасуют, а други бюджетники замечательна пашчтывают и яуку и працэнты за кандидатау.
0
Сыходзьдзік / Адказаць
10.10.2015 / 23:23
Карусельшчыкі на кожным участку, яны ў кожнай выбарчай камісіі, яны наогул сядзяць у ЦВК, баба ліда таксама карусельшчык яшчэ той, а галоўный карусельшчык у драздах, і мы ў гэтай каруселі круцімся каторы год аж да блявоты.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру