У штабе Улаховіча мяне сустрэлі Леакадзія Рамейка, давераная асоба, і Уладзімір Грамыка, начальнік штаба «Беларускага казацтва». Апошні не раставаўся з фотаапаратам, упрыгожаным георгіеўскай стужкай.

Уладзімір Грамыка георгіеўскую стужку павесіў нават на фотаапарат.

Уладзімір Грамыка георгіеўскую стужку павесіў нават на фотаапарат.

Увесь штаб — маленькі пакойчык з некалькімі сталамі. У куце — беларускі дзяржаўны сцяг. Памяшканне знаходзіцца ў невялікім бізнэс-цэнтры ў цэнтры Мінска. Па словах Грамыкі, пакойчык яны здымаюць.

За адным са сталоў сядзеў яшчэ адзін таямнічы чалавек з вусамі.

— Гэта з «Советской Белоруссіі»! — паведаміла мне Рамейка.

— Вы журналіст? Дык прадстаўцеся, — прапанаваў я.

- Чаму? – буркнуў той.

- А чаму не?

- А чаму «так»?

- А чаму не?

- Я не хачу з вамі размаўляць.

- Вы саромеецеся ці што?

- Дурак нейкі, - ці то прадставіўся, ці то паспрабаваў абразіць мяне гэты мілы, але, на жаль, дрэнна выхаваны дзядзечка.

- А што, вам ўсе павінны прадстаўляцца? А чаго ён павінен прадстаўляцца? Сядзіць дык і сядзіць. Мы павінны ўсіх запускаць. Ведаеце анекдот пра дзіця?.. – пачала Леакадзія Рамейка, але тут з’явіўся сам кандыдат – Мікалай Улаховіч.

Леакадзія Рамейка («казачы палкоўнік і скарбнік») і таямнічы вусач.

Леакадзія Рамейка («казачы палкоўнік і скарбнік») і таямнічы вусач.

Спачатку Улаховіч трошкі паскардзіўся, што «Наша Ніва» настроеная супраць яго» і піша «аднабока». Але ж на гутарку пагадзіўся.

— Мы, у прынцыпе, чакаем вечара. Будзем слухаць прэс-канферэнцыю Лідзіі Міхайлаўны Ярмошынай, на якой будуць падведзеныя вынікі. Затым я павіншую членаў свайго штаба, пажадаю ім здароўя і сямейнага дабрабыту і мы расстанемся. А я паеду на ТБ — спачатку на адзін канал, потым на другі, — паведаміў Улаховіч.

Па яго словах, у выніку пакуль упэўненым быць нельга. Але нават да непрыемнага ён гатовы.

- Адзіны мой прагноз такі — я не зусім веру, што абыду дзеючага прэзідэнта.

— Дык а навошта было ўдзельнічаць?

— Я ж кажу, што не зусім веру. Вось, сяджу, хачу пераканацца, што ці мяне перамаглі, ці я перамог.

Усяго ў штабе Улаховіча, па яго словах, працуе 29 чалавек. Але сёння большасць раз'ехалася. Астатнія, запэўніў кандыдат, ездзяць па рэдакцыях і адказваюць на пытанні.

Мікалай Улаховіч на тле Мікалая Улаховіча.

Мікалай Улаховіч на тле Мікалая Улаховіча.

У гэтай кампаніі, сказаў Улаховіч, ягонае казацтва яму нават трохі замінала.

— Я хацеў адысці ад гэтага, а мне навязвалі ўвесь час. Я ж нідзе падчас кампаніі не фатаграфаваўся ў казачым строі. А тое, што ў газетах — гэта бяруць з інтэрнэта. Маё казацтва — гэта не плюс і не мінус. Але ж перашкаджала. Бо ў нас чалавек у форме ўспрымаецца больш такім ваяўнічым чалавекам. Нібыта гатовы да нейкіх ваяўнічых дзеянняў альбо мае дачыненне да сілавых структураў. А народу ж патрэбен прэзідэнт.

За вынікамі цягам дня Улаховіч не сочыць. Яго людзі ў экзіт-полах не ўдзельнічаюць. А да тых, хто збірае дадзеныя на выхадзе, ён ставіцца даволі скептычна. Больш давярае дзяржаўным вынікам. Праўда, калі Улаховіч паспрабаваў растлумачыць гэта, не абышлося без узаемавыключальных выказванняў.

— Я давяраю увогуле ўсяму таму, што з’яўляецца дзяржаўным. Такая пазіцыя чалавека. Што значыць давяраю… Карл Маркс дачцэ Лауры казаў пра свой асноўны прынцып жыцця: «Усё падвяргай сумневу». Так і я, як нармальны чалавек, усё падвяргаю сумневу. У мяне не можа быць адной крыніцы. Я і гэта падвяргаю сумневу. Магу і тое падвяргаць… Але гэта не значыць, што я павінен ці маю права не давяраць галоўнай крыніцы — дзяржаўнай. А так я ўсё падвяргаю сумневу, чаму не? Чаму ўсе хочуць ад мяне пачуць, што вось, я веру толькі дзяржаўнаму… Няпраўда. Я падвяргаю сумневу. Але гэта можа быць разыходжанне паўпрацэнта, працэнт, ноль пятых працэнта. Але ў асноўным лічу, што дзяржаўныя крыніцы даюць верагодна.

Цікава, што віншаваць пераможцу Улаховіч не збіраецца. Але можа і павіншуе. 

— Не, гэта, я лічу… Прыстойныя людзі гэтым не займаюцца. Я прызнаю пермогу, хто б гэта не быў, але не значыць, што буду віншаваць. Не ведаю, як гэта будзе выглядаць… Ва ўсякім выпадку, калі чалавек, які пераможа… Можа ён зладзіць прэс-канферэнцыю, запросіць нас. Тады будзе магчымасць. Але каб спецыяльна — не зусім здорава. Усё ж, як бы мы не казалі, усё роўна з’яўляешся канкурэнтам.

Пасля выбараў, паведаміў Улаховіч, ён працягне займацца палітыкай. Сказаў, што трэба аднавіць партыю (ён кіраўнік праўладнай Беларускай патрыятычнай партыі).

— Але ж… жыццё сёння сёння няпростае. Сёння я вырашыў, што так, буду далей займацца палітыкай. Заўтра сітуацыя можа змяніцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?