Лідар фольк-фармацыі Vuraj нечакана нават для самога сябе запачаткаваў рок-праект S.D. Песьню «Колькі» музыка прадстаўляе на Tuzin.fm

Сяргей Доўгушаў запісаў кампазыцыю «Колькі» разам з Ігарам Давыдавым з гурту Nevma ды вядомым магілёўскім бубначом Аляксеем Палаўчэням. Песьня нарадзілася абсалютна спантанна ды ў той жа вечар была запісаная. «На душы пратэст. Набалела. Пачынаю сьпяваць рок», – з гэтымі словамі Доўгушаў даслаў яе на азнаямленьне наведнікам Tuzin.fm. Верш да песьні «Колькі» узяты з Анатоля Сыса.

«Дзіўная гісторыя выйшла. Сустрэліся на мінулым тыдні ў Магілеве з маім даўнішнім сябрам Ігарам Давыдавым. Тусілі, гутарылі, вячэралі ў яго ў xаце. Вырашылі паспрабаваць нешта. Знайшлася нейкая вельмі просьценькая, але неблагая апаратура, гітара, бас, бубны.Тут яшчэ завітаў наш знаёмы бубнач Аляксей Палаўчэня і мы пачалі граць. Быў драйв, эмоцыя. Вельмі xацелася як мага xутчэй гэта зафіксаваць. Запісалі песьню амаль што за 30 xвілін. Тры дублі. І вось што атрымалася», – распавядае Сяргей.

Не выключана, што рок-праект Сяргея Доўгушава атрымае працяг. Дарэчы, у лідэра гурта Vuraj ужо быў досьвед працы на рокавай сцэне, калі ён пэўны час быў вакалістам гурта Re1ikt.

Песьня «Колькі» возьме ўдзел у трэцім туры аўдыёчарту на Tuzin.fm у сэзоне 2015-2016.

S.D. – Колькі (музыка С.Доўгушава/І.Давыдава/А.Палаўчэні, словы Анатоля Сыса)

Колькі нашай крыві
Рэкі сплывілі ў моры?..
Колькі нашага поту
Увабралі разоры?..

Колькі нашага шчасьця
Ліхадзеі раскралі?..
Колькі нашых каханак
Паланянкамі сталі?..

Колькі нашай любові
Не спазнала Радзіма?..
Колькі вояў-сыноў
Не счакала радзіна?..

Колькі, колькі, дык колькі ж
Сваё крэўнае траціць?
За дзяцей, каб адплакаць –
Не стае сьлёз у маці.

Колькі, колькі, дык колькі ж
Адмаўляць сабе ў праве
Шанаваць сваё мейсца
На чырвонае лаве?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0