Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў санкцыйным спісе Еўрасаюза з 2004 года. ЕС адмовіў ёй ва ўездзе пасля рэферэндуму, які ўнёс змены ў Канстытуцыю і зняў абмежаванні на абранне адной і той жа асобы прэзідэнтам больш за два разы.

Кіраўніца ЦВК не раз прызнавалася, што марыць убачыць Парыж. Разам з тым, яна думала, што калі з яе і здымуць санкцыі, то ў той момант, калі гэта не будзе мець для яе значэння. «Напрыклад, калі я пайду на пенсію», — казала Ярмошына ў пачатку 2015 года.

Гэтыя асцярогі не апраўдаліся. Лідзія Міхайлаўна ўсё яшчэ на пасадзе, а Рада ЕС мае намер прыпыніць санкцыі супраць Беларусі. TUT.BY пацікавіўся ў кіраўніка ЦВК, ці плануе яна адпачынак у Еўропе.

— Санкцыі ж прыпыняюць толькі на 4 месяцы. Наўрад ці ў асенне-зімовы перыяд я магу што-небудзь планаваць.

Калі па сканчэнні 4 месяцаў Еўрасаюз не адновіць санкцыі, Лідзія Ярмошына не выключыла, што падумае пра паездку на захад ад Беларусі.

— Можа быць, вясной вазьму і пабачу Рым. Там ужо будзе цёпла ў гэты час, — сказала яна, дадаўшы: — Я не думаю, што я ўсвядоміла гэта ўсё да канца для сябе асабіста. Я пад санкцыямі ўжо 11 гадоў. Для мяне гэта ўжо хутчэй звычка, і я не ўспрымаю гэта востра. Самае галоўнае, каб былі палепшаныя эканамічныя і палітычныя адносіны нашай краіны з уплывовымі міжнароднымі партнёрамі.

Лідзія Ярмошына прызналася, што радуецца ў першую чаргу за Беларусь, а не за сябе асабіста.

— Я чалавек ва ўзросце, я магу дазволіць сабе раскошу быць альтруістам і думаць, перш за ўсё, пра лёс радзімы. Я вельмі радая, што санкцыі супраць Беларусі прыпынілі. Бо гэта шкода не асобнаму чыноўніку, гэта шкода ведамству, бізнесу. Таму калі я і засмучалася з нагоды падаўжэння санкцый, то толькі з гэтага пункту гледжання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?