Міністэрства па падатках і зборах дало тлумачэнне з нагоды новай Інструкцыі, на падставе якой будуць праводзіць аналіз даходаў і выдаткаў грамадзян. Нагадаем, дакумент 13 кастрычніка быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале і ўжо ўступіў у сілу.

У тэксце Інструкцыі не прапісаны дакладны пералік грамадзян, якіх закране гэты дакумент. Сёння Міністэрства па падатках і зборах патлумачыла, што навіна ўсё ж не закране ўсіх беларусаў.

«Улічваючы, што Інструкцыя прынята ў мэтах рэалізацыі Дэкрэта, то яе дзеянне распаўсюджваецца на ажыццяўленне кантролю за адпаведнасцю расходаў і даходаў грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў або якія ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш 183 каляндарныя дні ў каляндарным годзе», — гаворыцца ў прэс-рэлізе міністэрства.

Такім чынам, новы дакумент тычыцца толькі так званых гультаёў. А вось кантроль над даходамі-выдаткамі працуючых грамадзян па-ранейшаму будзе ажыццяўляцца на падставе дэкларацый аб даходах і маёмасці.

Разлік выдаткаў і даходаў грамадзян, якія доўгі час не працавалі, падатковыя органы будуць складаць толькі за перыяд з 1 студзеня 2015 года.

Калі будзе ўстаноўлена, што выдаткі перавысяць даходы, то грамадзянін атрымае пісьмовае патрабаванне аб дачы тлумачэнняў аб крынiцах даходаў. Даць іх трэба будзе ў пісьмовай форме на працягу 30 каляндарных дзён. Грамадзянін павінен распісаць крыніцы даходу, памер і дату атрымання, а таксама, па жаданні, іншыя звесткі пра крыніцы прыбытку.

«Пры гэтым грамадзянін мае права паведаміць звесткі пра крыніцы яго даходаў за любы перыяд, у якім ім атрыманы такія даходы», — удакладняюць у МПЗ. Па сутнасці, непрацуючы сёння грамадзянін можа паказаць, што жыве за грошы, якія назапасіў да 1 студзеня 2015 года.

«Падаткаабкладанне даходаў, вылічаных зыходзячы з сум перавышэння выдаткаў над даходамі, будзе праводзіцца толькі ў выпадку, калі грамадзянін не прадставіць тлумачэнні аб крыніцах даходаў па пісьмовым патрабаванні падатковага органа або калі прадстаўленыя фізічнай асобай тлумачэнні не дазволяць вызначыць крыніцу даходаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МПЗ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?