14.10.2015 / 14:46

Адкрыты ліст рэктара ЕГУ з нагоды выбараў у Беларусі 33

Рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні звярнуўся з адкрытым лістом наконт вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, паведамляе прэс-служба ўніверсітэта.

Тэатральны спектакль працягваецца. Аляксандр Лукашэнка працягне выконваць сваю звыклую «ролю» прэзідэнта Беларусі. У дачыненні да яго нельга сказаць «абраны», «ухвалены» або «пацверджаны». Кожнае з гэтых азначэнняў — не проста няпраўда, але і проста непраўдападобнае.

Як ужо казалася, адзіным пытаннем у гэтым спектаклі было тое, на колькіх адсотках галасоў спыніцца Лукашэнка: 72%, 79% ці на абсурдных 83% – абапіраючыся на ілюзію, што можна зымітаваць «праўдападобнасць» і што насельніцтва Беларусі будзе працягваць маўчаць.

Час патрабуе шчырасці і сумленнасці ў дачыненні да сучаснай Беларусі і тых, хто заяўляе пра сваю любоў да яе. Многія прадстаўнікі «апазіцыі» знаходзяцца ў дэзарыентаваным стане, не маючы адзінага кірунку. Сярод яе прадстаўнікоў занадта шмат тых, хто хутчэй стане ваяваць адзін з адным, «есці сваіх дзяцей», чым прызнаецца ў сваіх сапраўдных інтарэсах і памылках. Некаторыя прадстаўнікі апазіцыі не пашкадавалі крытыкі і ў адрас нацыянальнага гонару краіны – лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі пісьменніцы Святланы Алексіевіч, якую папракаюць у выкарыстанні рускай мовы, а не беларускай. Не было ні праяваў гонару, ні задавальнення, толькі дробязная крытыка, мэта якой – зняважыць таго, хто не належыць да невялікай групы асобаў, якая больш клапоціцца пра свае асабістыя інтарэсы, а не пра народ. Гэтая разрозненая «апазіцыя» апусцілася да спрэчак і сварак, хто вышэй падыме нацыянальны сцяг, страчваючы мэту, а ўлада Лукашэнкі сустракае адпор толькі ад самых адважных і мужных. Словы Святланы Алексіевіч прамыя і дакладныя:

«Наша апазіцыя аказалася вельмі слабая, аказалася, што яны ўсё адзін з адным сварацца, кожны абвінавачвае іншага, што ён агент КДБ, а той кажа, што іншы – агент КДБ. Чаму няма адзінага кандыдата? Ужо і Захад спрабаваў пераканаць нашу апазіцыю, што трэба адзінага кандыдата… Але, відаць, тыя людзі, якія цяпер называюцца апазіцыянерамі, не разумеюць той адказнасці, якая ляжыць на іх, яны больш занятыя сваім самалюбствам.

Вось гэта адна з прычын, чаму я не магу быць з апазіцыяй, таму што я разумею значна больш сур'ёзна тое, што цяпер адбываецца, і тое, што нам трэба рабіць. Але там зусім іншыя паняцці, якія я сама не магу зразумець. Ці то гэта сялянская псіхалогія: кожны думае пра сябе.

Цяпер зноў тое ж самае. Таму Лукашэнка смяецца, ён сам кажа: нам не патрэбная такая апазіцыя, вы, здаецца, ёсць, але вас нібыта і няма. Так што фармальна апазіцыя існуе, больш за тое, яны нават трапляюць у турму часам, час ад часу, але калі яны выходзяць, яны пачынаюць звады паміж сабой. Апазіцыя не мае сілы, бо народ ведае, што там адбываецца, і да яе няма даверу».

Надышоў час адкрыта сказаць: «Кароль голы», і кароль гэта не толькі Лукашэнка – гэта і, на жаль, раздробленая апазіцыя. Усім вядома, хто такі Лукашэнка і што ён робіць. Але хто і дзе гэтая «апазіцыя», і якія яе інтарэсы?

Нягледзячы на тое, што Беларусь не ёсць ні ладдзёй, ні канём на шахматнай дошцы свету, яна надоечы здолела заняць перадавыя і істотныя пазіцыі. І хоць яны не дазволяць выйграць партыю, здольнасць Лукашэнкі выдаваць белае за чорнае і наадварот паўплывае на ход гульні ў ключавыя моманты.

Не варта забываць, што пасля перабудовы і развалу Савецкага Саюза Беларусь разглядалася як адна з самых шматабяцальных краін постсавецкай прасторы. Надзеі на дэмакратычныя перамены былі вельмі высокія. Менавіта ў такім кантэксце Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан прыбыў у Мінск у 1994 г., дзе ён дзяліўся сваімі надзеямі, імкненнямі і верай у светлую будучыню Беларусі. З таго моманту і да цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў было праведзена безліч семінараў і канферэнцый. Дыпламатычныя місіі з розных краін Захаду здзейснілі дзясяткі тураў па вывучэнні падзей у Беларусі з першых рук. Узнікае пытанне: з якой мэтай?

У папярэднія гады ўнёсак заходніх краін быў велізарны. Афіцыйная статыстыка сведчыць, што толькі паміж 2006 і 2012 гадамі каля 875 мільёнаў даляраў ЗША былі накіраваныя на дапамогу Беларусі. Значная частка гэтай сумы была накіраваная на развіццё грамадзянскай супольнасці.

У больш позні час фінансавая падтрымка на супрацоўніцтва з Беларуссю працягвалася, аднак на больш нізкім узроўні. Зноў жа: з якой мэтай? Якія былі вынікі гэтых інвестыцый і аптымізму, і наколькі эфектыўна працавала «апазіцыя», якая атрымлівала такую неверагодную фінансавую і маральную падтрымку? На жаль, вынікі не суцяшальныя. Грамадзянская супольнасць застаецца раз'яднанай, не атрымліваючы належнай падтрымкі з боку «апазыцыі». Больш за тое, інтэлектуальнае жыццё Беларусі працягвае знаходзіцца ў стагнацыі, у якой заслугі такіх людзей, як Алексіевіч, робяцца выключэннем з правілаў. Можна толькі задаць пытанне: а дзе ж галасы беларускіх студэнтаў і чаму іх галасы заглушаюцца?

Іронія для Беларусі, а таксама для еўрапейскага Балонскага працэсу палягае ў тым, што ў той самы год, калі Беларусь была прынятая ў Балонскі працэс (з усімі вынікаючымі з гэтага патрабаваннямі па забеспячэнні адкрытай, свабоднай і бесперашкоднай адукацыйнай прасторы), Лукашэнка нават не разглядае магчымасці вяртання адзінага беларускага дэмакратычнага ўніверсітэта на радзіму.

Яшчэ большая іронія палягае ў тым, што сярод так званай «апазіцыі» ёсць тыя, хто нападае на адзін з найбольш паспяховых дэмакратычных праектаў у Беларусі за апошнія 25 гадоў. У той час як самі яны ніякім чынам не ўплываюць на ход палітычных падзей унутры Беларусі, гэты невялікі адукацыйны «Давід» паўстаў супраць Галіяфа і даў еўрапейскую дэмакратычную адукацыю тысячам студэнтаў.

Свет павінен прызнаць, што 11 кастрычніка не было днём выказвання надзей і памкненняў беларускага народа. Можна толькі спадзявацца, што шматлікія супярэчнасці, якія ўласцівыя Беларусі ў яе стасунках з Захадам, будуць вырашаныя на гэтым наступным этапе жыцця краіны.

Праф. Г. Дэвід Полік, Рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Вільня, Літва

0
день матери / Адказаць
14.10.2015 / 14:56
Лукашенко то, Лукашенко сё, а оппозиционеры возвращаются сюда, под отеческое крыло.
0
ага / Адказаць
14.10.2015 / 14:57
Этот американец понимает происходящее в РБ, как прочие американцы происходящее в Ираке-Сирии-Афганистане.
0
k / Адказаць
14.10.2015 / 15:11
Iznou apazycyja vinavataja?
Паказаць усе каментары/ 33 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру