Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч паведаміў у інтэрвію БЕЛТА, што міжведамасная камісія падрыхтавала праект указу, які будзе рэгуляваць інтэрнэт-сфэру ў Беларусі.

«Было б наіўна спрабаваць накінуць вузду на Сусьветнае сеціва, — кажа міністар. — Гаворка не ідзе пра ўвядзеньне кантролю, цэнзуры. Дакумэнт замацоўвае заяўны прынцып рэгістрацыі інтэрнэт-выданьня, ці то сайт газэты, часопісу, іншы інфармацыйны рэсурс, што выконвае ролю сродку масавай інфармацыі. Гэта не датычыць сайтаў дзяржаўных органаў ці якія пашыраюць інфармацыю пра тавары. Тым самым рэгуляваньне заключаецца ў рэгістрацыі сеціўнага рэсурсу як самастойнага СМІ, які мае такія ж правы, як друкаваныя СМІ і тэлебачаньне. У выніку будзе вырашанае пытаньне пра адказнасьць, праблема захаваньня аўтарскіх правоў у інтэрнэт-выданьнях. Сёньня за зьмяшчэньне інфармацыі без спасылкі на крыніцу, папросту кажучы крадзеж, няма як прыцягнуць да адказу, бо ў заканадаўстве няма паняцьця «інтэрнэт-СМІ». Заяўны прынцып рэгістрацыі — наш першы крок. З разьвіцьцём у сьвеце праўных палажэньняў будзе карэктавацца заканадаўчая база ў гэтай галіне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?