By.tribuna.com
У Беларусі не было затрымання футбольных фанатаў за тое, што яны выкарыстоўвалі шалік з выявай герба «Пагоня», гэтыя людзі былі затрыманыя за правапарушэнне. Пра гэта сказаў сёння журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, паведамляе БелТА.
Міністр кажа, што ў Беларусі не існуе адміністрацыйнай адказнасці за выкарыстанне такога герба. «Не трэба ў гэтай сувязі спекуляваць на такой інфармацыі. Гэта была банальная сітуацыя, калі заўзятары лаяліся нецэнзурна і не рэагавалі на заўвагі».
Трое заўзятараў зборнай Беларусі былі затрыманыя падчас гульні адборачнага турніру Еўра-2016 Беларусь — Македонія, што прайшоў на «Барысаў-Арэне» вечарам 12 кастрычніка.
Міліцыя сцвярджае, што «яны нецэнзурна лаяліся», заўзятары настойваюць на тым, што іх затрымалі за шалікі з гістарычным гербам «Пагоня». Ноч і раніцу яны правялі ў пастарунку.
Вечарам 13 кастрычніка ў раённым судзе Барысава быў абвешчаны прысуд. Віталю Буцько, Змітру Хведаруку і Юрыю (прозвішча называць не захацеў) прысудзілі штрафы ў 10 базавых велічынь (1,8 мільёны рублёў). Іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі.
Інцыдэнт набыў вялікі розгалас у заўзятарскіх колах і ў інтэрнэце.
Глядзець таксама: