Суд Маскоўскага раёна сталіцы 16 кастрычніка разгледзіць адміністрацыйную справу ў дачыненні да маладога лідчаніна Артура Жука, які ўдзельнічаў у стыхійнай апазіцыйнай акцыі вечарам 11 кастрычніка ў цэнтры Мінска. 

Як паведаміў БелаПАН Артур Жук, 15 кастрычніка да яго на працу на Мінскі завод колавых цягачоў прыйшлі два міліцыянеры ў цывільным адзенні. 

«Яны склалі пратакол і перадалі мне позву ў суд. Бяруць мяне, наколькі я зразумеў, за тое, што нецэнзурна лаяўся. Запытаў, што мне пагражае, сказалі: як вырашыць суд, гэта значыць або суткі, або штраф», — расказаў малады чалавек. 

У асноўны дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года пасля афіцыйнага закрыцця выбарчых участкаў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску сталі збірацца людзі, нязгодныя з вынікамі выбараў. За некалькі гадзін іх колькасць вырасла з некалькіх дзясяткаў прыкладна да 300 чалавек. 

Удзельнікі акцыі перайшлі на плошчу Незалежнасці, дзе адбыўся кароткі мітынг. Неўзабаве людзі сталі разыходзіцца. 

У дачыненні да аднаго з удзельнікаў акцыі, што засталіся на плошчы, 17-гадовага школьніка Ягора Скрабнеўскага, адзінага, хто быў з бел-чырвона-белым сцягам, міліцыянеры сталі складаць пратакол аб правапарушэнні на падставе арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства). 

Астатнія ўдзельнікі акцыі, у тым ліку Артур Жук, сталі абурацца дзеяннямі праваахоўнікаў. Сваёй абуранасцю лідчанін прыцягнуў увагу журналістаў. 

Жук з сумненнем выказаўся наконт праўдзівасці вынікаў выбараў, заявіўшы пра неабходнасць правесці адкрытую выбарчую кампанію, заклікаў беларусаў больш актыўна адстойваць свае правы, змагацца за сваю будучыню. Прэзідэнтам Беларусі, паводле яго меркавання, павінен быў стаць «псіхолаг і бізнесмен». 

Малады чалавек быў настолькі ўзрушаны, што ў гутарцы з прэсай раз-пораз зрываўся на ненарматыўную лексіку, зрэшты, тут жа выказваў свае прабачэнні. Лідчанін сказаў журналістам, што ён разумее наступствы свайго эмацыянальнага выступлення, якія, «хутчэй за ўсё, будуць сумныя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?