16.10.2015 / 10:09

Пётра Рудкоўскі: Пра пераклад Бібліі на беларускую мову 21

Кангрэс даследчыкаў Беларусі, які штогод ладзіцца ў прыгожым Коўне ў пару асенняй меланхоліі, з'яўляецца месцам сустрэчы ідэй і асоб, тэорый і канцэпцый, праектаў і парадыгмаў. Цешуся, што гэтай восенню, дзякуючы Божай прадбачнасці і жончынай заахвоце, удалося трапіць на Кангрэс, а яшчэ больш цешуся, што трапіў менавіта ў секцыю «Беларуская Біблія: Праблемы і перспектывы навуковага перакладу», якую з года ў год ўзначальвае доктар Ірына Дубянецкая.

Хоць я не з'яўляюся ані біблістам, ані філолагам, ані перакладчыкам, то ўсё ж не меў ніякіх сумневаў, што спасярод сарака з лішнім секцый варта выбраць менавіта «Беларускую Біблію». Справа тут не толькі ў тым, што я люблю Біблію і люблю Беларусь. Апрача Бібліі і Беларусі, я вельмі люблю канструктыўную, кампетэнтную і добра арганізаваную дыскусію. Я ведаў, што ў «секцыі Дубянецкай» гэта знайду, і не памыліўся.

У маім суб'ектыўным рэйтынгу ўсіх семінараў і дыскусійных спатканняў, у якіх я ўзяў удзел цягам апошніх трох гадоў, дыскусіі ў згаданай секцыі занялі першае месца па спалучэнні двух параметраў: метадалагічны ўзровень плюс грамадска-культурная значнасць. Бывалі дыскусіі, якія пераўзыходзілі ў плане метадалагічнай акуратнасці, але саступалі ў плане культурнай значнасці. Даводзілася таксама браць удзел у дыскусіях, якія былі прысвечаны тэмам, што былі бясспрэчна важнымі ў культурным плане, але якія былі на марным метадалагічным узроўні. У секцыі «Беларуская Біблія» гэтыя два моманты былі спалучаны ў адно.

Праект ажыццяўлення навуковага перакладу Бібліі на беларускую мову грунтуецца на дзвюх перадумовах (яны былі агучаны доктарам Дубянецкай на пачатку працы секцыі): (1) фарміраванне Беларусі як нацыі немагчымае без перакладу Бібліі на беларускую мову; (2) пераклад Бібліі мусіць быць навуковым. Гэта, так бы мовіць, «метафізічная складовая» праекта.

Камусь гэтыя перадпасылкі могуць падацца занадта катэгарычнымі або прэтэнцыёзнымі, але тут варта ўзяць пад увагу наступнае: кожны сур'ёзны даследніцкі і асветніцкі праект спрабуе нейк акрэсліць сваю тоеснасць. Астраномы заяўляюць пра патрэбу вывучэння касмічных прастор па прычыне таго, што нам, магчыма, калі-небудзь трэба будзе ратаваць сваю планету або эміграваць на іншую; палітолагі ці сацыёлагі абгрунтоўваць сэнс сваіх даследніцкіх праектаў неабходнасцю прадухіляць глабальныя ды лакальныя грамадскія катастрофы; мовазнаўцы — тым, што без мовы не можа існаваць ні культура, ні соцыум… і гэтак далей. Нічога дзіўнага, што і перакладчыцкі праект Дубянецкай таксама мае сваю метафізічную падбудову. Для мяне асабіста важна не столькі тое, які эмпірычны ці лагічны статус маюць прадстаўленыя вышэй перадумовы, колькі тое, што яны абазначаюць культурна-духоўнае вымярэнне гэтага праекта: пераклад Бібліі ажыццяўляецца ў цеснай повязі з беларускім нацыянальным праектам, а дакладней, той яго версіяй, якая пастулюе адкрытасць Беларусі як нацыі, яе далучанасць да сусветнага культурнага кантэксту.

Ёсць, аднак, яшчэ адно вымярэнне, у якім кіраваная спадарыняй Дубянецкай праца па перакладанні Бібліі спрыяе фарміраванню нацыянальнай супольнасці. Гэта не было прамоўлена кіраўніцай праекту, але я гэта прамоўлю ад сябе. Паўставанне сучаснай, культурна адкрытай і нацыянальна акрэсленай Беларусі прадугледжвае развіццё гуманістыкі. Вось жа група Дубянецкай – гэта адно з тых нямногіх месцаў у айчыннай гуманістыцы, дзе абавязваюць высокія метадалагічныя стандарты і дзе фармуецца высокая інтэлектуальная культура. У пустэльні канструктывісцкага жаргону і метадалагічнага дылетантызму, якімі так пазначана наша гуманістыка, біблійны перакладчыцкі праект явіцца як аазіс прадметнай дыскусіі і навуковай строгасці. Трэба спадзявацца, што такіх «аазісаў» ёсць больш і што, разам узятыя, яны будуць фармаваць новае аблічча беларускай гуманістыкі, а разам з ёй — аблічча сучаснай, адкрытай і культурна развітай нацыі.

0
Руслан / Адказаць
16.10.2015 / 10:52
Біблія даўно ўжо перакладзена каталікамі. Няхай возьмуць і дададуць раздзелы, каторыя адсутнічаюць.
0
anti-vasia / Адказаць
16.10.2015 / 11:30
Растлумачце мне, калі ласка, як святар-дамініканец можа кудысь ехаць па "жончынай заахвоце"? Я нешта прапусьціў і цяпер каталіцкія святары (не ўніяты) могуць мець жанок?
0
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
16.10.2015 / 11:42
Руслан, пераклад, зроблены рыма-каталікамі, не магу прыняць я, грэка-каталік. Юзаф -- гэта што, па-беларуску? Перакладалі і азіраліся на Варшаву. Пан, Панна... Ім праціўнае слова Царква, таму у іх Маці -- Касцёл. Рыхтык як у палякаў. Рыма-каталікам трэба мець менш пыхі ды збліжацца ў тэрміналогіі з праваслаўнымі. Але ж у нас польскі епіскапат РКЦ. Нябожчык а. Уладзіслаў Чарняўскі ўвёў у Літургію словы Госпад, Дзева, але ж біскупам-палякам гэта недаспадобы.
Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру