498:813. Як вам гэткая адносіна, пані і панове? Першая лічба азначае лік грамадзян, якія прагаласавалі датэрмінова, другая – лік грамадзян, якія прыйшлі на выбарчы ўчастак №100 Маскоўскага раёна стольнага места Менскага. Усяго на ўчастку 1904 выбаршчыкі.

Думаю, што нешта падобнае назіралася і ў іншых гарадах нашай прававой і дэмакратычнай дзяржавы.

Дзейнічае не толькі адміністрацыйны прымус, але і заахвочванне. Тым, хто датэрмінова прагаласаваў, даюць адгул або прыплюсоўваюць адзін дзень да водпуску. Маўчу пра студэнтаў – гэтых маўклівых ягнят.

Памяшканне, дзе праводзіцца датэрміновае галасаванне, не апячатваецца, а ключы, калі камісія прыпыняе працу, забірае міліцыянер. І гэта не толькі на «маім» участку. Гэта паўсюль у гарадах. Дый што б дало тое апячатванне, калі пячатка ўчастковай камісіі – толькі падабенства пячаткі? Яна ўсюды аднолькавая: і ў Сапоцкіне, і ў Хоцімску. Ключы ж ад памяшкання, дзе праводзіцца датэрміновае галасаванне, не толькі ў міліцыянера – іх дублікаты ў дырэкцыі школы, дома культуры, іншай установы. А скрыня для галасавання не празрыстая. Дый якая была б карысць ад празрыстай скрыні ў такіх умовах, калі назіральнікі не маюць права паставіць сваю пячатку ці пломбу?

Заканадаўца, уводзячы інстытут датэрміновага галасавання, або не падумаў, або добра падумаў, што галасаванне адбываецца ў перыяд агітацыйнай кампаніі. У недэмакратычных краінах, як вядома, галасаванне ў перыяд агітацыйнай кампаніі не праводзіцца. Там нават ёсць дні цішы. Гэта калі за адзін дзень да выбараў агітацыйная кампанія спыняецца.

Некалі я быў выказаў думку, што для таго, каб пазбегнуць махлярства пры датэрміновым галасаванні, неабходна штодзённа падлічваць галасы, пададзеныя за і супраць кожнага кандыдата. Але ж гэта ў немалой ступені ўплывала б на настрой выбаршчыкаў, было б таксама агітацыяй, кажу цяпер я.

З усяго, пра што я тут напісаў, вынікае адна выснова: інстытут датэрміновага галасавання неабходна ліквідаваць як супярэчны агульнапрынятым нормам выбарчага права.

Хто ліквідуе інстытут датэрміновага галасавання? Улада. Улада ліквідуе гэты інстытут тады, калі дэмакратычныя палітычныя арганізацыі Беларусі адмовяцца ўдзельнічаць у наступнай выбарчай кампаніі пры захаванні датэрміновага галасавання, г. зн. галасавання ў час агітацыйнай кампаніі і галасавання пад прымусам.

Улада дзеля адчыненых дзвярэй у Еўропу і Паўночную Амерыку не можа праводзіць выбарчыя кампаніі без удзелу ў іх дэмакратычнай апазіцыі. І дэмакратычная апазіцыя павінна выкарыстаць гэтую зацікаўленасць улады. Іншае пытанне, ці здольная апазіцыя хоць раз кансалідавана правесці хоць бы адну палітычную акцыю. Бо колькі ні было тых задуманых акцый, заўсёды знаходзіліся і знаходзяцца штрэйкбрэхеры. 

У найноўшай гісторыі магчымасць паставіць уладу на месца мелася ў 2000 годзе, калі сістэма яшчэ не закасцянела. Кангрэс дэмакратычных сіл прыняў тады рашэнне аб няўдзеле дэмакратаў у так званых парламенцкіх выбарах. Але з падачы нямецкіх дабрадзеяў, якія нібыта дамовіліся з уладай аб некалькіх месцах для апазіцыі ў «палатцы», адзіны фронт дэмакратаў разбурыў Цэнтральны Камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай Грамады) на чале з яго старшынёй. Пры гэтым і старшыня, і кіруючы орган партыі парушылі рашэнне з’езду БСДП і справакавалі раскол у шэрагах сацыял-дэмакратыі. Хто ведае, ці давялося б былому старшыні БСДП перажыць такую драму, калі б ён у 2000-м не спакусіўся месцам у «палатцы» і не пайшоў на раскол апазіцыі і партыі?

Ці здольныя мы памятаць урокі, якія дала нам гісторыя? Ці здольная дэмакратычная апазіцыя не паддацца на ўгаворы замежных дабрадзеяў і абяцанкі ўлады і правесці хоць раз у найноўшай гісторыі Беларусі адну салідарную акцыю?

Інстытут датэрміновага галасавання павінен быць ліквідаваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?