У залі сядзібы БНФ не было вольных месцаў. Кніжку Івонкі Сурвілы можна было атрымаць адразу на ўваходзе.

На жаль, у прэзэнтацыі кнігі не брала ўдзелу аўтарка: яна вельмі хацела б быць разам з удзельнікамі, але амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў прапанаваў напісаць ліст Аляксандру Лукашэнку, каб яе ўпусьцілі ў краіну. Спадарыня Сурвіла сказала, што абсалютна не гатовая напісаць такі ліст, а па‑другое, яна лічыць ненармальным ехаць у Беларусь, калі яна змагаецца супраць цяперашняга рэжыму.

Кніга «Дарога. Стоўпцы. Капэнгагэн. Парыж. Мадрыд. Атава. Менск» выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». Вёў вечарыну заснавальнік і каардынатар сэрыі Аляксандар Лукашук. На прэзэнтыцыі сваімі ўражаньнямі пра кнігу дзяліліся дзеячы культуры ‑‑ сярод іншых пісьменьнік Уладзімер Арлоў, гісторык Захар Шыбека. Наведнікі слухалі ўрыўкі з кнігі, якія Івонка Сурвілла чытала на хвалях Радыё Свабода.

Адна з удзельніц прэзэнтацыі, старшыня Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская, сказала ў інтэрвію Свабодзе:

«Гэтая кніга мае вялікае значэньне, бо гэта ўспаміны дзейнага старшыні Рады БНР. Але найбольш мяне уразіла тое, што Івонка Сурвілла ў кнізе адкрываецца ня толькі як грамадзкі дзеяч, як палітык, але і як чалавек, як жанчына са сваімі пачуцьцямі, са сваімі перажываньнямі, як дачка і маці, як жонка, якая кахае свайго мужа і разам зь ім працуе. Гэта ўспаміны вельмі глыбокага чалавека, чалавека зь вельмі далікатным унутраным сьветам. Гэтыя ўспаміны таксама адкрываюць некаторыя старонкі жыцьця беларускай эміграцыі, якія да гэтага часу былі закрытыя ‑‑ напрыклад жыцьцё беларускай эміграцыі ў Даніі ці Гішпаніі на тыя часы».

Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі сказаў сёньня на прэзэнтацыі, што сустракаўся з Івонкай Сурвіллай у Страсбуры, дзе праходзіў тыдзень Беларусі, прысьвечаны сьвяткаваньню 90‑х угодкаў БНР, і, відаць, адзіны з прысутных у залі мае кнігу «Дарога» зь яе аўтографам.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0