Тры дні дактары-рэаніматолагі Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы змагаліся за жыццё 14-гадовай Ганны Цвятковай, якая раніцай 13 кастрычніка была дастаўленая ў стацыянар з моцным унутраным крывацёкам.
Фота з сямейнага архіва
Недамаганне Ганна адчула раніцай папярэдняга дня. Збіць павышаную тэмпературу самастойна не ўдавалася, а да вечара пачалася ваніты з крывёй. Дзіця даставілі ў раённую бальніцу ў Камянцы. Выпадак аказаўся вельмі цяжкім, запатрабавалася дапамога спецыялістаў абласной дзіцячай бальніцы. Крывацёк спынілі без аператыўнага ўмяшання: праводзілася пераліванне крыві, ужываліся кровазамяняльныя растворы і дарагія прэпараты.
Сёння дзяўчынка знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні. Стан дзіцяці па-ранейшаму цяжкі:
— Гаворка ідзе аб сур'ёзным захворванні печані, якое суправаджаецца эпізадычнымі масіўнымі крывацёкамі. Крывацёкі, як правіла, пачынаюцца раптоўна. У Ганны, па расказах бацькоў, гэты выпадак не першы. Падчас апошняга эпізоду яна страціла каля 1,5 л крыві, — расказвае загадчык хірургічнага аддзялення Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы Сяргей Галубіцкі.
Сур'ёзныя праблемы са здароўем у Ганны пачаліся ў 2009 годзе, тады дзяўчынку прызналі інвалідам з дзяцінства. З гэтага часу яна вучылася дома. У Беларусь сям'я пераехала з украінскага горада Марганца Днепрапятроўскай вобласці два тыдні таму — 3. кастрычніка 2015 года. У пошуках працы і мірнага жыцця спыніліся ў Брэсце, але вельмі хутка перабраліся ў Камянецкі раён. У мясцовым калгасе кіраўнік сямейства Сяргей Мікалаевіч уладкаваўся жывёлаводам. У Ганны ёсць 16-гадовы брат Улад, 4-гадовы брат Вова і 1,5-гадовая сястрычка Дарына.
Брэсцкія хірургі настойваюць на далейшым абследаванні Ганны і аперацыі, якую магчыма зрабіць у Мінску ў Рэспубліканскім цэнтры дзіцячай хірургіі. Але такая дапамога можа быць аказана толькі на платнай аснове. Бацькі Ганны звярнуліся ў Генеральнае консульства Украіны ў Брэсце з просьбай падтрымаць іх матэрыяльна. Таксама сям'я спадзяецца на дапамогу ўсіх неабыякавых людзей.