Агульны аб'ём золатавалютных рэзерваў Кітая за верасень скараціўся на $43,3 млрд.
Зніжэнне было чаканым пасля дэвальвацыі юаня ў жніўні, перадае Ройтэрз.
Перад тым рэзервы Кітая скараціліся на 91 мільярд за жнівень. Гэта быў гістарычны рэкорд. Ніколі яшчэ Кітай не траціў столькі на падтрыманне курсу юаня. І гэта нягледзячы на 5-працэнтавую дэвальвацыю кітайскай валюты.
Праўда, золатавалютныя рэзервы Кітая агромністыя. На сёння яны складаюць прыкладна $3514 млрд. Гэта значыць, што за жнівень і верасень Кітай вытраціў толькі прыкладна 4% іх. І тым не менш, эканамісты ўспрынялі інфармацыю як чарговы трывожны званочак адносна стану кітайскай гаспадаркі.
Цікава, што ў момант пачатку пераходу Кітая ад сацыялізму да капіталізму ў эканоміцы, а гэта было ў 1980 годзе, золатавалютныя рэзервы Кітая складалі ўсяго 2,55 млрд даляраў.
Для параўнання, золатавалютныя рэзервы Беларусі на сёння — каля 4,6 млрд даляраў, Польшчы — 104 млрд, Расіі — 370 млрд.