Фота з акцыі 10 кастрычніка Сяргея Гудзіліна

Фота з акцыі 10 кастрычніка Сяргея Гудзіліна

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька і былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў атрымалі позвы ў міліцыю ў сувязі з іх удзелам у шэсці нацыянальнага сцяга, якое прайшло 10 кастрычніка ў Мінску.

«У міліцыю я не хадзіў, размаўляў з імі па тэлефоне, калі яны прапанавалі прыйсці. Сказаў, што яны там самі добра ведаюць, як ім працаваць, і без мяне. Яны адказалі, што — так, добра ведаюць. То бок на мяне складзены пратакол за 10 кастрычніка і будуць дасылаць позву ў суд, але дзень суда, як я разумею, яшчэ не прызначаны. Карацей, працэс ідзе», — паведаміў Уладзімір Някляеў.

Анатоль Лябедзька атрымаў паведамленне, што будзе выкліканы ў суд паводле пратакола за ўдзел у шэсці нацыянальнага сцяга. Дзень суда не прызначаны. Таксама Анатоль Лябедзька рыхтуецца да разгляду сваёй скаргі на адміністрацыйны прысуд за акцыю 30 верасня. Скарга будзе разгледжаная 22 кастрычніка ў мінскім гарадскім судзе.

Тым часам у міліцыю выклікаюць удзельнікаў акцыі 11 кастрычніка на плошчы Незалежнасці, неўзабаве пасля заканчэння выбараў. Актывіст Леанід Кулакоў паведаміў, што яго з аднадумцамі выклікаюць 19 кастрычніка на 14.00 у Цэнтральны РУУС.

«Ведаю, што таксама выклікалі Алеся Макаева, Мікалая Коласа, Алеся Рыбачэнку, Марыю Касьян і Вольгу Мікалайчык. Шукаюць, каб уручыць позву, Максіма Вінярскага. Усіх — за акцыю на плошчы. Пойдзем у міліцыю разам з адвакатам», — сказаў Леанід Кулакоў.

У пятніцу 16 кастрычніка за ўдзел у акцыі на плошчы Незалежнасці быў аштрафаваны на 720 тысяч рублёў Артур Жук. Маладога чалавека абвінавацілі ў брыдкаслоўі ў публічным месцы.

Таксама за ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы быў складзены пратакол на вядомага літаратара Адама Глобуса.

«Позвы ў суд на дакладны час яшчэ не атрымаў, але папярэдзілі, каб чакаў», — сказаў Адам Глобус.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?