Міністэрства адукацыі расставіла кропкі над «i» ў праблеме школьных пабораў. На сайце ведамства з'явілася інфармацыя, дзе гаворыцца, што бацькі могуць скідацца на патрэбы навучальнай установы свайго дзіцяці, але толькі на добраахвотнай аснове.

Прычым здаваць грошы наяўнымі нельга — сродкі неабходна пераводзіць на спецыяльны разліковы рахунак.

Рашэнне пра тое, ці патрэбныя школе дадатковыя сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы або паляпшэнне адукацыйнага працэсу, прымае апякунская рада навучальнай установы. Яна і кантралюе, ці правільна былі выдаткаваныя сабраныя грошы.

Дапамагаць школе могуць не толькі бацькі, але і грамадскія аб'яднанні, прадстаўнікі бізнесу, дзяржпрадпрыемстваў і іншыя жадаючыя.

«Міністэрства адукацыі ў адпаведным лісце ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкамаў, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама асабліва звярнула ўвагу на недапушчальнасць выканання функцый апякунскай рады членамі бацькоўскага камітэта», — дадаюць у Мінадукацыі.

Апякунская рада з'яўляецца органам самакіравання ўстановы адукацыі. Мэта — дапамагаць школе ў працы і развіцці. У яе склад могуць уваходзіць бацькі вучняў, педагагічныя работнікі, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, а таксама іншыя асобы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?