20.10.2015 / 11:37

«Галасую за Беларусь!» — гісторыя стварэння і дзейнасці Беларускага Народнага Фронту  27

Піша Аляксандр Кур’яновіч.

У найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі, бадай, ніводная палітычная сіла не выклікала б столькі дыскусій і рознагалоссяў як Беларускі Народны Фронт. Нарадзіўшыся пры канцы перабудовы, новы рух адразу ж набыў тысячы паплечнікаў, але не менш — і праціўнікаў. Абрэвіятура «БНФ» стала самай брэндавай на айчынным палітычным рынку, а тэрмін «бэнээфавец» назаўжды ўвайшоў у беларускі палітычны лексікон.

Беларускі Народны Фронт — зусім не выпадковая і не спантанная з’ява. Ягонаму ўзнікненню спрыяў непахісны гістарычны закон наяўнасці сітуацыі, знешніх абставінаў і асобы, здольнай узяць на сябе адказнасць. 

Безумоўна, за асноўны фактар варта ўважаць «перабудову» — рэформы, дэклараваныя Генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. З 1985 г. свабода слова, прыватная ініцыятыва, абнаўленне кіраўнічых кадраў паступова рабіліся нормай. На фоне іншых рэспублік еўрапейскай часткі СССР, а таксама Грузіі і Азербайджана ў Беларусі працэсы дэмакратызацыі ішлі больш марудна і супярэчліва. Сярод прычын гэтай запаволенасці можна назваць адносна нізкую палітычную актыўнасць насельніцтва, варты жалю стан нацыянальнай мовы і культуры, што дало падставу вядомаму пісьменніку Алесю Адамовічу назваць Беларусь «Вандэяй перабудовы». Тым не менш, і Беларусь з яе іміджам самай кансерватыўнай рэспублікі Савецкага Саюза непазбежна і незваротна мянялася ў палітычным і грамадскім плане.

Гісторыя Беларускага Народнага Фронту пачынаецца з 19 кастрычніка 1988 года.

Менавіта ў гэты дзень у рэспубліканскім Доме кіно (цяпер касцёл Сымона і Алены) быў выбраны Арганізацыйны камітэт па стварэнні Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэнне».

Постаць Пазняка

Кіраўніком Аргкамітэта стаў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР, кандыдат мастацтвазнаўства Зянон Пазняк.

Пачаткам грамадскай актыўнасці З.Пазняка можна лічыць красавік 1969 г., калі ў агульнасаюзнай газеце «Правда» ён з мастаком Лявонам Баразной у адмысловым артыкуле «Заботясь о будущем» выступіў супраць плана забудовы беларускай сталіцы, які прадугледжваў знос тэатра імя Янкі Купалы, а таксама старажытных архітэктурных збудаванняў у раёне Нямігі. Гэты артыкул быў фактычна выклікам партыйнаму кіраўніцтву Беларускай ССР з Пятром Машэравым на чале.

Выбарчая праграма БНФ у 1990-м называлася «Галасую за Беларусь» — тады такі заклік успрымаўся незвычайна!

Самога Зянона Пазняка за ягоную актыўную грамадзянскую пазіцыю цкавалі ўлады, не раз выганялі з працы. У БССР ён таксама страціў магчымасць абараніць кандыдацкую дысертацыю па праблематыцы беларускага прафесійнага тэтра ў 1900—1917 гадах і вымушаны быў абараняць яе ў Ленінградзе.

У канцы 1980-х Зянон Пазняк становіцца папулярным сярод той часткі інтэлігенцыі, якая была арыентавана на нацыянальна-культурнае адраджэнне. Мастацтвазнаўца таксама наладжвае сувязь з т.зв. «нефармаламі» — прадстаўнікамі той часткай сацыяльна актыўнай моладзі, якія займаліся альбо літаратурнай дзейнасцю («Тутэйшыя»), альбо рэстараўцыяй помнікаў мінулага («Талака»).

20 сакавіка 1988 года Зянон Пазняк узяў удзел ў акцыі, накіраванай супраць будаўніцтва другой лініі сталічнага метрапалітэна, што пагражала захаванасці аднаму са знакамітых помнікаў Мінска — Катэдральнаму сабору. 

У адказ на мітынг «Вечерний Минск» адказаў артыкулам з дэманстратыўным загалоўкам «Позиция или поза?». Там мелі месца рэзкія выпады на адрас арганізатараў мітынгу а таксама і асабіста Зянона Пазняка. Кандыдата мастацтвазнаўства абвінавачвалі ў экзальтаваных закліках, агульным «критиканстве» савецкай улады, якая нібыта, па словах Зянона Пазняка, разбурыла помнікаў на Беларусі больш, чым нямецка-фашысцкія захопнікі.

Да крытыкі Зянона Пазняка далучыўся партыйны камітэт па месцы яго працы ў Інстытуце гісторыі АН БССР. Навукоўцу закідаліся не толькі эмацыйнасць і катэгарычнасць у меркаваннях, але і «отход от классовых оценок некоторых общественно-политических явлений», што, паводле парткама, з’яўлялася «недопустимым в институте идеологического профиля».

Аднак сапраўдны выхад Зянона Пазняка на авансцэну грамадскага жыцця быў наперадзе. 3 чэрвеня 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» Зянон Пазняк сумесна з інжынерам Яўгенам Шмыгалёвым апублікаваў артыкул «Курапаты. Дарога смерці», у якой ішла гаворка аб масавых расстрэлах у гады сталінскага тэрору ў мінскім лясным урочышчы Курапаты.

Час для публікацыі артыкула было падабраны ўдала: набліжалася XIX Усесаюзная партыйная канферэнцыя, у грамадстве луналі ідэі перамен. Артыкул меў вялікі рэзананс.

Рэдакцыя газеты была літаральна завалена лістам чытачоў. Кіраўніцтва рэспублікі адрэагавала тым, што 14 чэрвеня 1988 стварыла ўрадавую камісію, якая сумесна з пракуратурай пачала расследаванне па фактах, выкладзеных у публікацыі.

Першая спроба сілаў

Народны Фронт толькі-толькі стварыўся, як надышоў важкі палітычны экзамен – выбары народных дэпутатаў СССР.

Як вядома, рашэнне пра выбары народных дэпутатаў СССР было прынята на XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыяй (30 чэрвеня — 1 ліпеня 1988 г.). Выбары, якія мусілі адбыцца вясною 1989 г., планаваліся як альтэрнатыўныя: канстатавалася, што кандыдатаў павінна быць больш, «чем имеется мандатов». Адпаведны закон быў зацверджаны 1 снежня 1988 г.

Аргкамітэт БНФ сканцэнтраваў свае высілкі ў асноўным ў Мінску і вырашыў падтрымаць тых кандыдатаў, якія падзялілі ідэі Фронту. Аргкамітэт таксама распаўсюдзіў сваю перадвыбарчую платформу пад назвай «Пятнаццаць пунктаў», якія ахоплівалі ўсе сферы грамадскага жыцця: неабходнасць шырокага выкарыстання рынкавых метадаў, аднаўленне сацыяльнай справядлівасці, асуджэнне сталінізму і г.д.

У цэлым (асабліва ў сталіцы) актывісты БНФ правялі перадвыбарчую кампанію даволі ўдала, выкарыстоўваючы найноўшыя па тых часах паліттэхналагічныя прыёмы: ўлёткі, пакватэрны абыход і інш. У выніку не ў малой ступені дзякуючы Фронту запаветныя дэпутацкія мандаты атрымалі будучы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч (1991—1994), будучы Генеральны пракурор Беларусі Мікалай Ігнатовіч (1991—1992) і доктар эканамічных навук, прафесар Аляксандр Жураўлёў, які, па сцверджанні З.Пазняка неўзабаве здрадзіў БНФ.

19 верасня 1991 г. народны дэпутат СССР Аляксандр Жураўлёў быў вылучаны ад Беларусі ў склад Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР. У сваім выступе па кандыдатуры А.Жураўлёва вельмі рэзка выказаўся З.Пазняк. Лідар парламенцкай апазіцыі заявіў, што «галоўнай рысай Аляксандра Рыгоравіча з’яўляецца беспрынцыповасць».

І, насупраць, дзякуючы намаганням БНФ, дэпутатамі не сталі тыя, хто быў упэўнены ў перамозе. Гэта прадстаўнікі партнаменклатуры (першы сакратар Мінскага гаркома партыі Віктар Галко), дырэктарата (кіраўнікі «Гарызонту» і «БелаўтаМАЗу» Аляксандр Санчукоўскі і Міхаіл Лаўрыновіч адпаведна).

Праўда, некаторыя вылучэнцы БНФ таксама не атрымалі мандатаў. Гэта Юры Хадыка, Сяргей Навумчык.

Выбары адзначаліся рэзанансным інцыдэнтам з членам Саюза пісьменнікаў БССР, сябром Аргкамітэта БНФ Алесем Емяльянавым. 24 сакавіка 1989 г. праваахоўныя органы ажыццявілі ў працоўным кабінеце літаратара ператрус, у выніку чаго канфіскавалі каля 10 тыс. асобнікаў «Навінаў БНФ». Праўрадавая прэса раскрытыкавала канфіскаваныя матэрыялы як «эклектичное смешение положений, заимствованных из партийных документов, а также из программ народных фронтов прибалтийских республик». Для матэрыялаў БНФ, паводле «Вечернего Минска», былі характэрны «декларативность, наличие противоречий и необоснованность предложений, ставка на волевые, командно-принудительные методы решения социально-экономических задач, особенно языково-культурных проблем».

Першы з'езд

Пасля выбараў народных дэпутатаў СССР Беларускаму Народнаму Фронту трэба было правесці ўстаноўчы з’езд.

23 мая 1989 г. у Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт паступіла заяўка, падпісаная народнымі дэпутатамі СССР Васілём Быкавым, Аляксандрам Жураўлёвым, Аляксандрам Дабравольскім і іншымі асобамі. У заяўцы ўтрымлівался просьба пра спрыянне ў правядзенні 24-25 чэрвеня 1989 г. у Мінску ўстаноўчага з’езду БНФ з выкарыстаннем нацыянальна-гістарычнай сімволікі: бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». Апрача таго, падпісанты прасілі ўлады знайсці гасцініцу для дэлегатаў, забяспечыць апошніх абедамі, паведаміць пра з’езд у сродках масавай інфармацыі.

На наступны дзень 24 мая 1989 г. актывісты БНФ падалі аналагічную заяўку ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР. Свой выбар адрасата яны матывавалі тым, што рашэнне некаторых пытанняў па арганізацыі ўстаноўчага з’езда знаходзіцца па-за кампетэнцыяй гарсавета.

Аднак улады ўзялі адназначны курс на тое, каб сарваць устаноўчы з’езд. Галоўным аргументам было тое, што заяўнікі нібы адмовіліся падаць праекты праграмных і статутных дакументаў, а таксама паведаміць парадак дэлегавання на з’езд. У мэтах дыскрэдытацыі Фронту залежныя ад рэспубліканскага кіраўніцтва сродкі масавай інфармацыі разгарнулі кампанію пад лозунгам «Имя «народный» может дать только народ». Па рэспубліцы пракацілася хваля мітынгаў супраць БНФ, арганізаваных «зверху».

Некаторыя прыхільнікі БНФ выкарыстоўвалі радыкальныя захады з мэтай прымусіць улады аказаць дапамогу арганізацыі устаноўчага з’езду. Так, 29 мая 1989 г. рабочы Міхаіл Собаль ля Дома Ураду распачаў бестэрміновую галадоўку і скончыў яе па асабістай просьбе народнага дэпутата СССР, пісьменніка Алеся Адамовіча.

Безвынікова скончылася сустрэча прадстаўнікоў Фронту і членаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета 20 чэрвеня 1989 г. На сустрэчы было заяўлена, што назва «фронт» «немного пугает», а ўдзельнік сустрэчы народны пісьменнік БССР і старшыня Вярхоўнага Савета Іван Навуменка назваў з’езд БНФ «нонсэнсам і абсурдам».

У выніку ўстаноўчы з’езд БНФ адбыўся 24—25 чэрвеня 1989 г. «у сталіцы братэрскай Літвы і дарагім беларускаму сэрцу горадзе Вільні».

На ўстаноўчым з’ездзе прысутнічалі звыш 460 дэлегатаў, у т. л. Васіль Быкаў і Станіслаў Шушкевіч. В. Быкаў у сваім выступленні назваў рух БНФ нацыянальным па форме і дэмакратычным па сутнасці.

З’езд прыняў шэраг рэзалюцый: аб пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы; аб палітычным плюралізме; аб праекце Канстытуцыі БССР; аб міжнацыянальных адносінах на Беларусі; аб свабодзе сумлення і беларускай мове ў рэлігійным жыцці на Беларусі; аб беларускай нацыянальнай сімволіцы; аб дзяржаўнасці беларускай мовы; аб беларуска-літоўскіх дачыненнях і інш.

Пытанне пра рэгістрацыю

Улады таксама ўсяляк супраціўляліся афіцыйнай рэгістрацыі БНФ.

13 ліпеня 1989 г. Зянон Пазняк падаў для рэгістрацыі ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР статут БНФ. Аднак Прэзідыум дадаткова запатрабаваў і праграму Фронту, якая паступіла ў ПВС 18 ліпеня. 

Першыя лідары Фронту злева направа: лідар моладзі Алесь Суша, кандыдат мастацтвазнаўства Зянон Пазняк, доктар гісторыі Міхаcь Ткачоў і доктар фізікі Юры Хадыка.

16 жніўня 1989 г. заключэнне аб статуце і праграме БНФ падпісалі: намеснік Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Уладзімір Мікуліч; сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Людміла Сыраегіна; першы намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР Юрый Хусаінаў, першы намеснік Пракурора БССР Уладзімір Кандрацьеў, намеснік міністра юстыцыі БССР Васіль Лоўчы, сакратар Белсаўпрофа Дзмітрый Марач, першы намеснік міністра ўнутраных спраў Віктар Кавалёў, першы намеснік Старшыні КДБ БССР Эдуард Шыркоўскі, загадчык юрыдычнага аддзела ПВС БССР Яфім Бурдзявіцкі, загадчык аддзела Інстытута філасофіі і права АН БССР Віктар Шабайлаў.

25 жніўня 1989 г. прадстаўнікі БНФ Зянон Пазняк, Міхаіл Ткачоў і Юрый Хадыка былі запрошаны ў Прэздыум Вярхоўнага Савета, дзе ім парэкамендавалі прывесці статут і праграму Фронту ў адпаведнасць з Канстытуцыяй БССР. Аднак 6 верасня 1989 г. у Прэзідыум паступіў ліст ад З. Пазняка — лідар БНФ выказаў нязгоду з вынікамі экспертызы рэгістрацыйных дакументаў.

Пад свае высновы аб немагчымасці рэгістрацыі статута і праграмы БНФ рэспубліканскае кіраўніцтва імкнулася падвесці навуковую базу. У кастрычніку 1989 г. у «Советской Белоруссии» з’явіўся вялікі артыкул гісторыкаў Уладзіміра Казлякова і Мікалая Сташкевіча, прысвечаны нацыянальным праблемам і шляхам іх вырашэння. У кантэксце пытання аўтары «прайшліся» па праграме і статуце БНФ. Партыйныя гісторыкі сцвярджалі, што ў праграме Фронту быццам бы драматызуецца нацыянальная абстаноўка ў рэспубліцы, адсутнічаюць «созидательные подходы и конструктивные идеи».

Нанова пытанне аб рэгістрацыі Фронту паўстала пасля перамогі шэрагу прадстаўнікоў БНФ на парламенцкіх выбарах увесну 1990 г. і стварэння дэпутацкай групы БНФ у ліпені 1990 г.

Публічна пытанне аб рэгістрацыі БНФ разглядалася 28 ліпеня 1990 г. ў парламенце. Дэпутаты Галіна Сямдзянава і Яўген Новікаў выступалі за рэгістрацыю БНФ сесіяй парламента, пагатоў у той дзень была прынята пастанова Вярхоўнага Савета аб рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў (рэгістрацыю, згодна з пастановай, ажыццяўляў Прэзідыум Вярхоўнага Савета).

Супраць рэгістрацыі БНФ выступала, у прыватнасці, парламенцкая камісія па законнасці, пытаннях правапарадку і барацьбы са злачыннасцю. Яе старшыня — міліцэйскі генерал Мечыслаў Грыб — сцвярджаў, што перашкодай для рэгістрацыі БНФ з’яўляецца сімволіка Фронту.

Станіслаў Шушкевіч, наадварот, лічыў, што парламенту трэба зарэгістраваць БНФ, каб змыць з сябе «ганебную пляму».

28 ліпеня 1990 г. за рэгістрацыю БНФ прагаласавалі 103 дэпутаты, 40 былі «супраць» — пры кворуме ў 170 парламентарыяў.

Віктар Ганчар заявіў, што існаванне БНФ — здзейснены факт, тым болей, Фронт не ставіць мэтай гвалтоўны захоп улады. Таму, лічыў дэпутат-юрыст, трэба даручыць Прэзідыуму разгледзець пытанне аб рэгістрацыі БНФ. С. Шушкевіч вынес прапанову В. Ганчара на га­ласаванне. Яе падтрымалі толькі 166 чалавек.

У жніўні 1990 г. у газеце «Літаратура і мастацтва» з’явіўся артыкул прыхільніка Фронту, народнага дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Яўгена Новікава. Я. Новікаў даволі пераканаўча даказаў неабходнасць рэгістрацыі БНФ з юрыдычнага і палітычнага пунктаў погляду.

Нягледзячы на спробы атрымаць легальны статус, кіраўніцтва БНФ не жадала звязваць палітычную будучыню Фронту з юрыдычнай рэгістрацыяй. У жніўні 1990 г. у гутарцы з карэспандэнтам часопіса «Крыніца» Паўлам Якубовічам Зянон Пазняк заявіў, што пытанне аб рэгістрацыі БНФ не з’яўляецца надзвычай вострым — Фронт і так вельмі папулярны. Рэгістрацыя Фронту, па словах З.Пазняка, была патрэбна перш за ўсё для працы фонду «Дзеці Чарнобыля».

У якасці грамадскага аб’яднання БНФ быў зарэгістраваны міністэрствам юстыцыі БССР толькі 19 ліпеня 1991 г.

«Позняковские крысы прогрызли его днище»

У верасні 1989 г., выступаючы на II з’езде Народнага Фронту Латвіі Зянон Пазняк назваў СССР турмой народаў і агульнай труной, што выклікала негатыўную рэакцыю апанентаў БНФ. Асабліва зацята крытыкавалі З.Пазняка ветэранскія суполкі. 23 лістапада 1989 г.

Лепельская раённая арганізацыя ветэранаў вайны і працы накіравала ў Вярхоўны БССР ліст, у якім выказвала здзіўленне і абурэнне «степенью деградации лидера БНФ». Далей у лісце гаварылася наступнае: «Позняк называет СССР тюрьмой народов. Ах, Зенон, Зенон, не видел ты тюрьмы. Тебе мало стало твоего академического иждивенчества на горбу рабочих и крестьян. Наш корабль штормит, но мы не допустим, чтобы позняковские крысы прогрызли его днище».

Аднак лістом ветэранаў справа не скончылася. Шэраг дэпутатаў ВС БССР XI склікання накіравалі ліст на імя Прэзідэнта АН БССР Уладзіміра Платонава. У лісце было пастаўлена пытанне-ультыматум: што робіцца кіраўніцтвам АН «по прекращению раскольничьей антиконституционной деятельности сотрудника Института истории З.С.Позняка».

6 снежня 1989 г. старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей даў Ул.Платонаву даручэнне разгледзець справу. 15 студзеня 1990 г. адбылося сумеснае пасяджэнне дырэкцыі і прафсаюзнага камітэта Інстытута гісторыі. Аднак ніякіх санкцый да З.Пазняка ўжыта не было. У рашэнні пасяджэння гаварылася, што «по ряду позиций дирекция и профсоюзный комитет не разделяет взглядов Позняка, особенно про тюрьму народов». Адначасова ў рашэнні адзначаўся «некорректный тон письма, особенно выра­жение «академическое иждивенчество на горбу рабочих и крестьян»». У рашэнні канстатавалася, што навукоўцы атрымоўваюць нізкую зарплату ў параўнанні з іншымі катэгорыямі работнікаў па краіне ў цэлым. Таксама супрацоўнікі Акадэміі падкрэслівалі, што «из письма вытекает стремление авторов положить конец плюрализму мнений, а это противоречит духу перестройки».

Частковы поспех

Беларускі Народны Фронт рашуча ўступіў у кампанію па выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР, што стартавала ў сакавіку 1990 года.

Выбары ў Вярхоўны Савет XII склікання былі прызначаны на 4 сакавіка 1990 г. Да іх пачатку праграма БНФ пад назвай «Галасую за Беларусь!», ухваленая Соймам 9 снежня 1989 г., значна радыкалізавалася. 

25 лютага 1990 г. прыхільнікі БНФ правялі мітынг з удзелам дзясяткаў тысяч людзей, а Зянон Пазняк дамогся жывога эфіру на тэлебачанні.

Па выніках першага тура выбараў у Вярхоўны Савет народнымі дэпутатамі сталі Зянон Пазняк, а таксама паплечнікі БНФ Сяргей Навумчык і Генадзь Грушавы. Шмат кандыдатаў ад БНФ, асабліва ў Мінску выйшлі ў другі тур.

Аднак надзеі БНФ на вялікую колькасць мандатаў не спраўдзіліся. У Вярхоўным Савеце, які налічваў каля 350 дэпутатаў, прыхільнікаў БНФ налічвалася 27 чалавек.

«С вами, товарищ Позняк, можно и нужно работать…»

У выніку гэтых выбараў у Вярхоўным Савеце Беларусі XII склікання была створана дэпатацкая група БНФ — першая палітычная апазіцыя ў вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органе. Яе дзейнасць была вельмі актыўнай па ўсіх напрамках. Прадстаўнікі апазіцыі выступалі ля мікрафона, у знак пратэсту пакідалі Авальную залу, патрабавалі даць слова ў Вярхоўным Савеце фермерам і працоўным, рабілі заявы ў СМІ па ўсіх важных пытаннях, актыўна працавалі ў акругах.

Асабліва плённай была заканадаўчая дзейнасць апазіцыі. Амаль заўсёды дэпутацкая група БНФ прапаноўвала альтэрнатыўныя законапраекты. Сваёй дзейнасцю апазіцыя заслугоўвала павагу ідэйных апанентаў. Так, дэпутат Аляксандр Лукашэнка 20 чэрвеня 1990 г. пры абмеракаванні кандыдатуры Зянона Пазняка на пасаду старшыні камісіі пры Вярхоўным Савеце, якая павінна была займацца пытаннямі рэпрэсій і рэабілітацыі, заявіў, што з З.Пазняком не толькі можна, але і трэба працаваць. А калі б, дадаў Лукашэнка, «мы верили в свою идею, так как верит в свою Позняк, у нас проблемы бы решались проще». У кастрычніку 1990 г. Віктар Ганчар назваў праект закона апазіцыі БНФ аб уласнасці «депутатским подвигом».

З цягам часу адносіны Аляксандра Лукашэнкі да БНФ значна пагоршалі. На знакамітым Кангрэсе народа Беларусі 11 верасня 1993 г. гэты дэпутат заявіў, што «мы уже не боимся 25—30 националистов, захлестывающих в Верховном Совете все здравые идеи». Падчас спробы БНФ арганізаваць усеагульны палітычны страйк у лютым 1994 г. Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў БНФ у тым, што Фронт «на горбах рабочих хочет прорваться к власти».

Антыфронтаўская карыкатура ў прасавецкай прэсе.

Сіла вуліцы

Адной з форм дзейнасці БНФ былі арганізацыя і ўдзел у вулічных акцыях пратэсту.

Пачатак паклалі падзеі 30 кастрычніка 1988 г., калі ў Мінску быў разагнаны мітынг, прысвечаны дню памяці продкаў («Дзяды»). 19 лютага 1989 г. на сталічным стадыёне «Дынама», БНФ арганізаваў шматтысячны мітынг з масавым выкарыстаннем «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга. Мітынг зацвердзіў некалькі рэзалюцый, якія патрабавалі ад уладаў спыніць шальмаванне БНФ і ягоных актывістаў, а таксама дэмакратызаваць выбарчы закон ад 1 снежня 1989 г. Мітынг быў дазволены ўладамі, якія планавалі правесці яго ў сваім рэчышчы. Аднак кіраўніцтва БНФ цалкам перахапіла ініцыятыву ў свае рукі. Нездарма нават дазволены мітынг спазнаў шалёную крытыку ў сродках масавай інфармацыі.

У 1989 г. — 26 красавіка і 30 верасня — былі праведзены шматлюдныя мітынгі, прысвечаныя чарнобыльскай бядзе.

7 лістапада 1990 г. БНФ арганізаваў альтэрнатыўнае шэсце з нагоды афіцыйнга свята — дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. У выніку мелі месца сутыкненні маніфестантаў з праваахоўнымі органамі. Ставіліся пытанні ад прыцягненні арганізатараў мітынгу нават да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення дэпутацкіх мандатаў.

Прыхільнікі БНФ бралі ўдзел у маніфестацыях вясной 1991 г., а таксама падчас знакамітых жнівеньскіх падзей.

У 1992 г. БНФ рашуча падтрымаў шахцёрскі рух, а ў 1993 г. выводзіў сваіх прыхільнікаў на вуліцы супраць далучэння Беларусі да Даговора аб калектыўнай бяспецы.

Стаўка на змену ўлады, а не супрацоўніцтва

Вялікія надзеі БНФ ускладваў на 1992 год.

Менавіта ў гэтым годзе, лічылі прыхільнікі БНФ, быў павінен адбыцца рэферэндум аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савета і правядзенні выбараў на падставе праекта закона, распрацаванага парламенцкай апазіцыяй БНФ. Была сабрана неабходная колькасць — 450 тысяч подпісаў. Аднак кіраўніцтва Вярхоўнага Савета зрабіла ўсё, каб рэферэндум не адбыўся. Спаслаўшыся на тое, што падчас збору подпісаў мелі месца шматлікія парушэнні, Вярхоўны Савет забараніў правядзенне рэферэндуму, прыняўшы 29 кастрычніка 1992 г. адпаведную пастанову.

Спробы забараніць

Пры Кебічу мелі месца спробы афіцыйна забараніць БНФ.

18 мая 1993 г. з такой ініцыятывай выступіў дэпутат Вярхоўнага Савета кіраўнік дэпутацкай групы камуністаў Міхаіл Качан. На яго думку, БНФ «проводит антинародную, антигосударственную политику, выступает против суверенитета Республики Беларусь», выступаючы за стварэнне «черноморско-балтийского государства».

Вынікі галасавання за гэтую экстравагантную для 1993 г. ініцыятыву былі наступныя прагаласавалі ўсяго 80 дэпутатаў, з іх Міхаіла Качана падтрымалі 45, «супраць» выказаліся 25. «За», сярод іншых, прагаласаваў будучы першы старшыня Канстытуцыйнага Суда Беларусі Валерый Ціхіня. Устрымаліся: мітрапаліт Філарэт, Міхаіл Цесавец, які ў 1995 г. кіраваў «эвакуацыяй» апазіцыі ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г. і інш. Супраць пастановы прагаласавалі Васіль Далгалёў, Станіслаў Шушкевіч і інш. Не галасавалі: Мікалай Дземянцей, Іван Ціцянкоў, Віктар Шэйман ды інш.

Ніл Гілевіч у мемуарных нататках сцвярджае, што Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Качана. Аднак у архіўных стэнаграмах няма доказаў таго, што А.Лукашэнка выступаў ля мікрафона з падтрымкай ініцыятывы аб забароне БНФ. Будучы прэзідэнт Беларусі не ўдзельнічаў у галасаванні па гэтым пытанні.

На пачатку 1994 г. у апазіцыйнай прэсе з’явілася інфармацыя аб тым, што Савет Міністраў Беларусі праз Генеральную пракуратуру і міністэрства юстыцыі аддаў загад забараніць БНФ. Аднак гэта аказалася няпраўдай.

24 сакавіка 1995 г. дэпутат Баляслаў Сушкевіч, выступаючы на 16-й сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання, прапанаваў вынесці на рэспубліканскі рэферэндум наступнае пытанне: «Ці лічыце Вы Беларускі народны фронт сапраўды народным?». Паводле Б. Сушкевіча, БНФ на працягу пяці гадоў «ваяваў і ваюе з Вярхоўным Саветам, ён ваяваў супраць прыняцця Канстытуцыі, ён зараз ваюе супраць прэзідэнта». Але парламентарыі не падтрымалі ініцыятыву Б. Сушкевіча — гэтае пытанне нават не трапіла ў парадак дня.

У лютым 1994 г. БНФ разам са свабоднымі прафсаюзамі браў удзел ва ўсебеларускім палітычным страйку супраць падзення жыццёвага ўзроўню насельніцтва.

Вялікую ролю адыграў БНФ ў арганізацыі «Мінскай вясны — 96» (Дзень Волі 24 сакавіка 1996 г., шэсце 2 красавіка і чарнобыльскі шлях 26 красавіка 1996 г.). Тыя дэманстрацыі мелі вязлізны рэзананс унутры краіны і за яе межамі.

Наступныя электаральныя кампаніі аказаліся няўдалымі для БНФ.

На прэзідэнцкіх выбарах у 1994 г. кандыдат ад БНФ Зянон Пазняк атрымаў каля 13% галасоў і заняў трэцяе месца. Не спраўдзіліся надзеі БНФ і на парламенцкія выбары 1995 г., да якіх Фронт рыхтаваўся вельмі грунтоўна, выставіўшы каля паўтары сотні кандыдатаў. На выбарах у маі 1995 г. і на паўторных выбарах у лістападзе-снежні 1995 г. шматлікія прадстаўнікі БНФ выходзілі ў другі тур, але ў Вярхоўны Савет так і не трапілі.

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі парламенцкая апазіцыя стала самым паслядоўным крытыкам беларускага кіраўніка. Пік супрацьстаяння прыйшоўся ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г., калі прыхільнікі апазіцыі абвясцілі галадоўку ў парламенце супраць рэферэндуму, ініцыянаванага Лукашэнкам.

З'езды

За дзесяць гадоў свайго існавання ў якасці цэласнага руху Беларускі Народны Фронт правёў шэсць з’ездаў.

На другім з’едзе, які меў месца ў сакавіку 1991 г., былі ўнесены змены ў назву Фронту: зніклі словы «за перабудову». У маі 1993 г. на III з’ездзе БНФ было вырашана стварыць адпаведную партыю, каб мець заканадаўчыя падставы для ўдзелу ў выбарах Вярхоўнага Савета Беларуси XIII склікання.

V з’езд (ліпень 1995 г.) тычыўся абрання новага кіраўніка Фронту. Упершыню у Зянона Пазняка з’явілася альтэрнатыва, калі акрамя яго на пасаду старшыні Сойму БНФ балатаваліся яшчэ два чалавекі, у тым ліку і Юрый Хадыка. У выніку перамог Зянон Пазняк. На гэтым жа з’ездзе была ўхвалена праграма «Стратэгія абароны незалежнасці», у якой галоўнай задачай выступала стварэнне «шырокага, масавага радыкальнага нацыянальна-вызвольнага руху», які павінен быў выкарыстоўваць «канкрэтную тактыку дзеянняў, зыходзячы з сітуацыі».

На VI з’ездзе БНФ у верасні 1999 г. галоўнае пытанне зноў палягала ў выбары кіраўніка Фронту. На гэты раз канкурэнтам Зянона Пазняка стаў Вінцук Вячорка. Абодва прэтэндэнты атрымалі амаль аднолькавую колькасць галасоў дэлегатаў. Кампрамісу дасягнуць не ўдалося, што прывяло неўзабаве да расколу БНФ і стварэнні адпаведных партый, якія існуюць дагэтуль.

Аляксандр Кур’яновіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

0
Алесь Беларус / Адказаць
20.10.2015 / 13:51
Дзякуй, цiкавы артыкул.
0
Юзік / Адказаць
20.10.2015 / 14:29
Слушна.
1
Сяргей Навумчык / Адказаць
20.10.2015 / 16:30
"Праўда, некаторыя вылучэнцы БНФ таксама не атрымалі мандатаў. Гэта Юры Хадыка, Сяргей Навумчык". Сьцьвярджэньне неправільнае. 1) На выбарах народных дэпутатаў СССР у 1989 вылучаліся на толькі Хадыка і Навумчык, але і Пазьняк, Ткачоў і інш. 2). Ніхто з іх не атрымаў мандатаў не таму, што за іх не прагаласаваў народ (як у выпадку з партыйнымі кіраўнікамі, пра якіх аўтар гаворыць вышэй), а таму што актывісты БНФ не былі ўключаныя ў выбарчыя бюлютэні (іх не прапусьцілі т.зв. акруговыя сходы, якія складаліся з камуністычных актывістаў). І тут правільней было б напісаць пра самі гэтыя акруговыя сходы -- на якіх "зарэзалі" усіх да аднаго актывістаў БНФ. Буду ўдзячны, калі рэдакцыя перадасьць гэтую заўвагу аўтару артыкула.
Паказаць усе каментары/ 27 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру