25 красавіка а палове на сёмую вечара 15 хлапцоў і дзяўчат прыйшлі да будынка Акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа са сьвечкамі і скруткамі паперы. На вачох у мінакоў, апрануўшы на твары рэсьпіратары, яны малявалі плякаты, прысьвечаныя трагедыі ў Чарнобылі.

Гэтую акцыю моладзь назвала таксама «акцыяй салідарнасьці», бо няшмат хто з віцебскіх студэнтаў ды навучэнцаў мае магчымасьці паехаць заўтра ў Менск на «Чарнобыльскі шлях». Пра гэта распавёў адзін з удзельнікаў акцыі ў Віцебску.

(Хлопец:) «Мы ня можам там быць заўтра, таму вырашылі зрабіць гэта тут – дзеля памяці загіблых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дзеля памяці загіблых ад палітыкі замоўчваньня наступстваў аварыі. А таксама на знак салідарнасьці з тымі студэнтамі, якія мусяць ехаць у забруджаныя раёны паводле разьмеркаваньня. Хаця гэта нелягічна і незразумела, навошта нашыя ўлады гэта робяць. Беларусі патрэбная свабода, Беларусі патрэбны новы прэзыдэнт і новая палітыка!»

Удзельнікамі акцыі сталіся студэнты розных віцебскіх навучальных установаў і сябры розных грамадзкіх аб»яднаньняў, у тым ліку й тых, што пакуль ня маюць ня тое што рэгістрацыі ў Мінюсце, але нават назвы.

Мінакі пачалі зьвяртаць увагу на купку маладых людзей, частка якіх малявала плякат, а частка – проста сядзела ўзбоч з запаленымі сьвечкамі. І нехта з «пільных грамадзянаў», верагодна, патэлефанаваў ў міліцыю, бо неўзабаве аднекуль зьявіўся міліцэйскі патруль.

Міліцыянты чамусьці адразу зьвярнуліся да журналістаў, якія назіралі за падзеямі. І пакуль ахоўнікі парадку высьвятлялі, хто ёсьць арганізатарамі несанкцыянаванай акцыі, моладзь пасьпела разьбегчыся. Такім чынам, нікога з удзельнікаў не затрымалі, але акцыя доўжылася ўсяго каля 20-ці хвілінаў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0