president.gov.by

president.gov.by

Дзякуючы жорстка адбудаванай вертыкальнай сістэме аховы здароўя Беларусі ўдалося дасягнуць пэўных поспехаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Жужанай Якаб 21 кастрычніка ў Мінску.

Сёння ў Мінску праходзіць Еўрапейская міністэрская канферэнцыя па пытаннях умацавання здароўя на ўсіх этапах жыцця ў кантэксце палітыкі «Здароўе-2020» — маштабнага плана дзеянняў СААЗ на найбліжэйшыя пяць гадоў.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі забяспечаны «практычна роўны доступ насельніцтва да аб'ектаў аховы здароўя», таму ў адрозненне ад некаторых дзяржаў тут не бывае такога, што «пад плотам памірае чалавек, калі ў яго няма страхоўкі». «Гэтага ў нас няма, мы заўсёды лечым аднолькава ўсіх людзей», — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. 

У Беларусі па праве ганарацца сваімі дасягненнямі ў ахове здароўя, заявіў ён. Так, паказчыкі мацярынскай смяротнасці, нараджальнасці, гібелі дзяцей знаходзяцца пад кантролем урада. Сёлета, паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі не зарэгістравана ніводнага выпадку мацярынскай смяротнасці, у 2014-м быў зарэгістраваны адзін, але тады жанчыну не ўдалося выратаваць з-за аб'ектыўных прычын. «Гэтага няпроста было дасягнуць. І па гэтых паказчыках мы знаходзімся у тройцы лідараў у свеце побач з вядучымі развітымі дзяржавамі», — сказаў ён. 

Яшчэ адным дасягненнем Лукашэнка назваў поўную мадэрнізацыю аховы здароўя. «Мы аснасцілі нашых урачоў самай сучаснай тэхнікай», — дадаў ён. 

Пры гэтым Лукашэнка прызнаў, што такі падыход да аховы здароўя «некалькі разбэсціў беларусаў», ён не садзейнічае таму, каб чалавек сам клапаціўся пра сваё здароўе. «Усё бясплатна, дзяржава носіць на руках кожнага чалавека», — заявіў Лукашэнка. Ён адзначыў, што неаднаразова гаварыў пра неабходнасць кожнаму клапаціцца аб сваім здароўі, бо для дзяржавы гэта дорага, да таго ж яна аб'ектыўна не зможа зрабіць усё патрэбнае за чалавека. 

Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што Жужана Якаб і яе калегі не дарма наведваюць Беларусь. Ён падзякаваў за ініцыятывы СААЗ і даў высокую ацэнку праграме «Ахова здароўя-2020», запэўніўшы, што Беларусь з'яўляецца яе прыхільнікам на ўсе 100%. 

У сваю чаргу Жужана Якаб выказала Аляксандру Лукашэнку падзяку «за лідарства, намаганні, скіраваныя на ўдасканальванне сістэмы аховы здароўя, якія ўжо прынеслі відавочны вынік». «Для СААЗ палітычны складнік мае вялікае значэнне, і мы ўпэўненыя, што Беларусь зрабіла правільны палітычны выбар, інвеставаўшы ў сферу аховы здароўя. Гэта вельмі правільнае рашэнне», — цытуе Якаб прэс-служба прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?