Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі трэба павышаць пенсійны ўзрост, але «людзі гэтага не хочуць».

— Ці можна правесці рэферэндум і высветліць, ці гатова насельніцтва падтрымліваць павелічэнне пенсійнага ўзросту? — пацікавілася kp.by ў кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

— Насельніцтва ніколі не падтрымае гэтую ідэю. Навошта марнаваць грошы? Мы ж не ў Швейцарыі жывем, дзе ўсе галасуюць супраць скарачэння працоўнага тыдня, бо гэта эканамічна нявыгадна. Мы да такой высокай уласнай самасвядомасці яшчэ не дайшлі.

Улічваць меркаванне людзей можна праз нейкія апытанні, прапрацоўваючы гэтае пытанне ў працоўных калектывах. Пытанне пенсійнага ўзросту будзе падымацца. Мы ж выдатна разумеем, што не можам існаваць як нейкі сацыяльны аазіс сярод агульнага свету, калі ў нас няма эканамічных магчымасцяў для захавання падобных ільгот. Адзінае, трэба ісці па шляху максімальна бязбольна і ўлічваць перш за ўсё дэмаграфічнае становішча і заслугі перад грамадствам.

Я адназначна скажу, як просты грамадзянін, што пенсійны ўзрост трэба павышаць жанчынам. Цяперашнія жанчыны ў 55 гадоў яшчэ замуж гатовыя выйсці і шмат разоў выходзяць. Напэўна, ранавата яшчэ на пенсію. 

Але пры гэтым можна прадугледзець і не павышаць узрост, напрыклад, для жанчын, якія нарадзілі і выхавалі хоць бы дваіх дзяцей. Магчыма, гэта будзе стымуляваць нараджальнасць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?