Героі аднаго з самых яркіх фільмаў Эміра Кустурыцы «Чорная котка, белы кот» цяпер будуць размаўляць галасамі Алега Хаменкі і Аляксандра Куллінковіча.

Сканчаецца праца над беларускім агучаннем стужкі балканскага рэжысёра. Розніцца ад ранейшых падобных праектаў гэты будзе найперш поўнай легальнасцю. Завадатары праекту кажуць, што на «агучку» была атрыманая ліцэнзія і прадавацца дыскі з «Чорнай коткай…» будуць ў беларускіх дыскарнях цалкам афіцыйна пад беларускай вокладкай.

Творчая суполка пад назвай «Дзівоцтвы і памароцтвы» ўжо мае ў сваім каталогу некалькі фільмаў, перакладзеных на беларускую мову. Але кіраўнік суполкі Алесь Квіткевіч лічыць менавіта «Чорную котку…» Кустурыцы этапнай працай:

‑ Ужо вырашана галоўнае пытанне — аўтарскіх правоў. У тэхнічным сэнсе таксама адбыўся істотны зрух — мы знайшлі якаснага гукарэжысёра, які можа даць нам фінальны прадукт такі, які мы жадаем. З усімі атрыбутамі і гукам 5.1.

Над беларускай «агучкай» фільма Кустурыцы працуе з дзесятак людзей. Пераклад рабіў выпускнік філфаку Віталь Зыблюк, тэкст рэдагаваў паэт Андрэй Хадановіч, а ролі агучвалі вядомыя беларускія музыкі і акцёры. Пры гэтым бюджэт праекту — нулявы, кажа Алесь Квіткевіч:

‑ Збольшага праца дарагая ў сэнсе часу, бо вымагае шмат высілкаў. Калі казаць пра фінансавы бок, бо бюджэт «агучкі» «Чорнай коткі»‑ 0 рублёў.

Лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка пагадзіўся агучыць ролю цыганскага барона з фільма Кустурыцы абсалютна бясплатна. І вось чаму:

‑ Гэта знакавы фільм, і працу над ім можна лічыць нейкай данінай павагі таленту Кустурыцы як рэжысёра і музыканта. Па‑другое, я ўпэўніўся, што гэта будзе не пірацкі варыянт і ўся праца робіцца дзеля таго, каб беларускі варыянт фільма трапіў на паліцу дыскарняў.

Для другога «барона» — лідэра гурта Neuro Dubel Аляксандра Куллінковіча — гэта быў першы досвед «агучкі» ролі ў мастацкім кіно, і ён нават мае намер працягнуць такую акцёрскую кар’еру:

‑ Мне вельмі спадабалася, і я бы з задавальненем працягнуў. Лічу, што падышоў да задачы прафесійна, але ўпэўнены, што такія праекты трэба рабіць на большбуйным узроўні. Мне не спадабаўся «Шрэк» па‑беларуску. Мне, рускамоўнаму чалавеку, падалося, што шмат згубілася праз пераклад. Фільмы ж Кустурыцы вельмі блізкія нам па духу і па сутнасці.

Хаменка і Куллінковіч агучылі ролі двух сваякоў‑баронаў з крымінальным мінулым, якія нібы памерлі, а потым ачунялі, каб паставіць усё на свае месцы.

Хаменка: Аёй‑аёй, я ўвесь мокры, яна ж мяне абас…ала ды яшчэ і абас…ала зверху. Гэй, браце мой, дык мы ж не памёрлі!
Куллінковіч: Мы жы‑ы‑ывыя!!!
Хаменка: Я бачу, што ты жывы, а мне казалі — ты памёр…
Куллінковіч: Дык і ты ж не памёр!
Хаменка: Цябе падманулі! Я жывы, як ніколі!!!

«Чорная котка, белы кот» станецца першым замежным фільмам, агучаным па‑беларуску, які будзе прадавацца ў дыскарнях. Творчая суполка «Дзівоцтвы і памароцтвы» мяркуе запусціць у продаж пакуль наклад у паўтысячы DVD, каб прасачыць якім будзе попыт. Тым часам, ужо друкуецца наклад мультфільма «Тарзан», таксама агучанага на беларускую мову, а акцёры Тэатра юнага гледача агучаць мультфільм кампаніі «Уолт Дыснэй» — «Самаходзікі».

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0