Празь некалькі дзён пачнецца новы навучальны год у Беларускім калегіюме — унікальнай навучальнай установе, дзе бясплатна вучацца студэнты старэйшых курсаў альбо асобы з вышэйшай адукацыяй (у выключных выпадках прымаюцца студэнты малодшых курсаў).

Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч

У Беларускім калегіюме чатыры спэцыялізацыі: Філязофія і літаратура; Эўрапейскі Зьвяз: палітыка, эканоміка, культура; Найноўшая гісторыя; Журналістыка: падставовы курс.

Праект «Беларускі калегіюм» паўстаў у 1997 годзе. Ён быў арыентаваны на тое, каб выкладаць найноўшыя фрагмэнты сучасных ведаў і тэхнік інтэлектуальнай працы, не дублюючы праграмы як дзяржаўных, так і недзяржаўных унівэрсытэтаў.

Акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюму, доктар філязофіі, доктар сакральнай тэалёгіі Ірына Дубянецкая кажа, што за 18 гадоў існаваньня ў калегіюме ня так шмат выпускнікоў, як у іншых навучальных установах. Як звычайна, калі навучаньне бясплатнае, спачатку прыходзіць шмат, але потым многія адсейваюцца, кажа Ірына Дубянецкая:

«Але тыя, што застаюцца і праходзяць да канца навучаньне ў Беларускім калегіюме, у большасьці сваёй становяцца бачнымі ў беларускай інтэлектуальнай і культурнай прасторы. Яны ня толькі перамагаюць у літаратурных і журналісцкіх конкурсах, яны фармуюць, трансфармуюць цяперашнюю Беларусь. Гэта тыя людзі, якія, уласна, робяць інтэлектуальна-культурнае поле краіны. У гэтым сапраўды калегіюм унікальны».

Аддзяленьне філязофіі і літаратуры скончылі адзін з заснавальнікаў праекту «Мова нанова», журналіст Глеб Лабадзенка, паэтка і перакладчыца Марыйка Мартысевіч, рэдактарка часопіса перакладной літаратуры «Прайдзісьвет» Юля Цімафеева, пісьменьніца Аксана Спрынчан, ляўрэаты літаратурнай прэміі «Дэбют» Наталка Харытанюк, Уладзь Лянкевіч, Андрэй Адамовіч.На аддзяленьні гісторыі вучыліся палітолягі Андрэй Казакевіч і Аляксей Ластоўскі, якія цяпер выкладаюць у Беларускім калегіюме. 

Кіраўнік аддзяленьня філязофіі і літаратуры, філёзаф Валянцін Акудовіч на пытаньне Радыё Свабода, чаму ж вучаць у калегіюме, адказаў спачатку жартаўліва:

«З аднаго боку, Беларусі калегіюм, у прыватнасьці, аддзяленьне, якое я прадстаўляю, нічому ня вучыць. Акрамя, хіба, аднаго: вольнага мысьленьня і свабоднай творчасьці. Наша задача, у першую чаргу, маладых людзей прызвычаіць да самастойнага, вольнага, нязмушанага мысьленьня, да індывідуальных парываньняў, якія толькі і выяўляюць асобу. Бо творчасьць — гэта ў першую чаргу ты сам. Але дзяржава, грамадзтва скоўвае чалавека ланцугамі звычак, патрэбаў, зададзенасьцю. Дык вось адна з задачаў калегіюму — скінуць з чалавека ланцугі, вызваліць чалавека дзеля самога сябе. Канечне, мы і вучым. У нас вельмі адмысловая прафэсура: гэта людзі, якія сваім жыцьцём і дзейнасьцю давялі, што яны ведаюць, што такое свабода творчасьці, свабода мысьленьня». 

Яшчэ адзін напрамак Беларускага калегіюму — найноўшая гісторыя. Кіраўнік аддзяленьня найноўшай гісторыі Аляксей Ластоўскі такім чынам абгрунтоўвае выбар менавіта гэтага пэрыяду: 

«ХХ стагодзьдзе — адзін з самых палітызаваных пэрыядаў беларускай гісторыі. Ён пастаянна зазнае адміністрацыйны кантроль з боку дзяржавы, калі забараняюцца дасьледаваньні, забараняецца займацца пэўнымі тэмамі. І адчувалася патрэба ў тым, каб стварыць нейкую пляцоўку, дзе можна было б сабраць людзей, якія вывучаюць гэты пэрыяд па-за палітычнымі абмежаваньнямі і дзе можна дазнацца пра найноўшую гісторыю без цэнзурных абмежаваньняў. Цяпер, магчыма, ступень палітызаванасьці крыху зьменшылася, але і ў школьных, і ва ўнівэрсытэцкіх праграмах гэтаму пэрыяду адводзіцца замала ўвагі, і калі падаюцца падзеі, то часьцяком празь нейкія навязаныя інтэрпрэтацыі. 

У Беларускім калегіюме існуе сыстэма так званых міні-курсаў, калі прыходзяць выкладаць гісторыкі, якія займаюцца канкрэтнымі кірункамі, і цягам трох-пяці заняткаў яны распавядаюць пра тыя тэмы, якія яны вывучаюць у якасьці дасьледчыкаў. Навучэнцы калегіюму маюць магчымасьць атрымаць непасрэдны доступ наўпрост да самых сьвежых дасьледаваньняў, першымі даведацца пра новыя адкрыцьці. Гэта патрабуе пагружэньня ў досыць складаны і супярэчлівы пэрыяд беларускай гісторыі, які быў насычаны рэвалюцыямі, рэпрэсіямі, дзьвюма ўсясьветнымі войнамі… Але разам з тым даў магчымасьць для рэалізацыі беларускай нацыі, для станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці. Калегіюм тут становіцца месцам збору лепшых гісторыкаў, якія займаюцца гэтым часам». 

Толькі ў Беларускім калегіюме ёсьць адмысловая праграма «Эўрапейскі Зьвяз: палітыка, эканоміка, культура». Адміністратыўны дырэктар калегіюму, кіраўнік гэтай праграмы Андрэй Казакевіч тлумачыць, што створана яна для паглыбленьня ведаў пра Эўразьвяз як непасрэднага суседа Беларусі:

«Праграмай прадугледжаны разгляд палітычнай структуры, эканамічнай асновы, палітыкі ідэнтычнасьці. І тое, што ўвогуле адбываецца з нацыянальнымі культурамі, пытаньні наднацыянальнай эўрапейскай ідэнтычнасьці. Ну, і асобны блёк будзе прысьвечаны стасункам Беларусі і Эўропы: якія тут існуюць праблемы, якія пэрспэктывы, як розныя абставіны, у тым ліку і геапалітычныя, уплываюць на гэтыя стасункі, наколькі эўразійская інтэграцыя можа спалучацца ці, наадварот, не спалучацца з агульнаэўрапейскай інтэграцыяй. Усе гэтыя зьявы будуць прадметам разгляду праграмы». 

Акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюму, доктар філязофіі, доктар сакральнай тэалёгііІрына Дубянецкая распавяла, што сёлета Беларускі калегіюм выходзіць на трохступенчаты ўзровень: будзе яшчэ і трэці год — для тых, хто адчувае ў сабе сілы, жаданьне і магчымасьці для навукова-акадэмічнай дзейнасьці. Будзе шмат публічных мерапрыемстваў, лекцыяў, дыскусіяў, прэзэнтацыяў, гістарычных і філязофскіх вандровак, гістарычных падарожжаў. Будуць працягвацца і выдавецкія праекты разам зь «Лятучым унівэрсытэтам», выданьне кніжных сэрыяў, пэрыёдыкі. 

Навучаньне ў Беларускім калегіюме бясплатнае. Пачатак заняткаў — з канца кастрычніка 2015 году. Прыём на навучаньне ажыцьцяўляецца па выніках гутаркі. Для запрашэньня на гутарку неабходна запоўніць анкету, узор якой можна знайсьці на сайце Беларускага калегіюму у рубрыцы «Стаць студэнтам». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?