15 сакавіка у Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага адбылося абрадавае свята «Загуканне вясны», арганізаванае Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Гэта абрадавае свята праводзіцца ўжо другі год і выклікае вялікую цікавасць у спеўных фальклорных калектываў устаноў адукацыі горада Мінска. «Сцэнарый» абрадавага свята падпарадкаваны даўняму звычаю — дабраслаўлення старых людзей, выхаду на высокае месца, паленню агню, спявання гукальных песень. Дзяўчаты і хлопцы чакалі прылёту птушак, звярталіся да іх у песнях, прасілі хутчэй прынесці вясну. Сёлета ўдзельнікамі свята сталі фальклорныя калектывы «Квецень», «Зорачка», «Гронка», «Верас» Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, «Пралеска», «Ярыла», «Сунічка», «Росніца», «Мілавіца», «Джамбібум» устаноў пазашкольнага выхавання і навучання г.Мінска, агульнаадукацыйных школ №№ 11 і 89, Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і «Кроса» Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Перад пачаткам мерапрыемства можна было пачуць вяснянкі ў выкананні аўтэнтычных фальклорных калектываў Міншчыны, Падняпроўя, Палесся з радыёрэтранслятара парку. «Жывыя» песні загучалі ў выкананні ўдзельнікаў абрадавага свята, калектывы «гукалі» вясну на асобных пагорках. На час свята пагоркам былі нададзены свае імёны гара Святая, Сасновая, Красная і Дзявочая горка, Вясновая альтанка, Ярылавы мост… Веснавыя песні, асабліва заклічкі, часта разлічаны на эфект рэха. Акустычныя эфекты закліканы адухавіць прыроду, зрабіць яе саўдзельніцай абраду, імітаваць дыялог з вясной.

На наступным этапе абрадавага свята, калі ўсе ўдзельнікі збіраюцца на абедзвюх набярэжных Свіслачы, імітацыя рэха ствараецца шляхам пераклікання асобных хораў. Калектывамі выковаюцца вяснянкі па чарзе, антыфонам і супольна. Вяснянка — песня якая мае магічнае прызначэнне, таму яна з’яўляецца самастойнай і не патрабуе дадатковых абрадавых дзеянняў, сама песня — абрад. Для супольнага выканання былі выбраны заклічкі «Агу, вясна» і «Вясна на калочку». Абавязковай на любым свяце лічыцца атрыбутыка. Гэты вясновы дзень не стаў выключэннем — шэра‑халодны паркавы ландшафт маляўніча ўпрыгожылі народныя строі дзяўчат і хлопцаў, галінкі дрэў з птушкамі, штандары са стужкамі і дэкарытаўнай аздобай, птушкі‑амулеты. Падчас пераходу ад ракі Свіслач да «Гульнёвага пляцу» ўдзельнікамі было наведана дрэва «Вяртання».

Пад супольнае выкананне вяснянкі «Жавароначкі, прыляціце» фальклорныя калектывы аздобілі дрэва сваімі птушкамі — з паперы, саломы, цеста. А наперадзе іх чакала вогненная дзея — спаленне Марэны, вобраза зімы і «смяротнага духа». Пачалася заключная, гульнёва‑танцавальная, частка абрадавага свята пад назвай «Свята раўнадзенства». Сёлета да ўдзельнікаў абрадавага свята далучыліся вядомыя дзіцячыя фальклорныя калектывы Мінскай вобласці — «Куманёк» з Міханавіцкага Дома фальклору Мінскага раёна (кіраўнік Ларыса Рыжкова) і «Вянок» з Ракаўскага «Цэнтра культуры і вольнага часу» Валожынскага раёна (кіраўнік Лізавета Пятроўская). Яны прывезлі з сабою абрадавыя гульні і традыцыйныя танцы свайго рэгіёну для супольнага выканання ўдзельнікамі свята. Гэта танцы «Кракавяк», «Акуліна», «Падэспан», «Лявоніха», абрадавыя гульні «Мак», «Проса», «Цар», «У карагодзе мы былі», «Явар». Студэнты і выкладчыкі факультэта традыцыйнай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў ужо не першы год ладзяць фальклорныя дыскатэкі для моладзі ў сучасных дыскаклубах г.Мінска. На абрадавым свяце яны паказалі ўжо папулярныя побытавыя танцы «Ойра», «Картузэ», «Базар», «Какетка». Свае танцы паказалі і ўдзельнікі фальклорнага калектыва «Мілавіца» Цэнтра пазашкольнай работы «Ветразь» Кастрычніцкага раёна г.Мінска.

Старадаўні звычай клікання пералётных з выраю птушак і гукання вясны штогод раскрывае замкнёныя зімой душы і пачуцці, абуджае ў беларусах надзею на багаты ўраджай, дабрабыт, шчасце, стварае святочны настрой перад Вялікаднём. Традыцыйна Гуканне вясны адбывалася па старым стылі з 1 сакавіка, «на Аўдакею», але ў розных мясцовасцях праводзілася ў розны час. Наша культурная традыцыя доўгі час захоўвалася на сяле, таму усе вядомыя нам святы і прымеркаваныя абрады адбываліся ў святле гаспадарчых клопатаў і эстэтычных каштоўнасцяў селяніна. У сакавіку беларус заўсёды пільна прыглядаўся да з’яў прыроды, імкнуўся вызначыць ці спрыяльнымі будуць умовы для веснавых работ, якім будзе лета для ўраджаю. З нецярплівасцю чакалі птушак. Лічылася, што на саракі (22 сакавіка) павінна прыляцець «сорак выраяў», у тым ліку і жаваранкі; іх прылёт азначаў, што вясна канчаткова ўступіла ў свае правы.

На жаль, традыцыя адыходзіць разам з вясковым укладам жыцця ў мінулае, але «жывыя» і шчырыя, напоўненыя духоўным і эстэтычным зместам святы і традыцыі яшчэ запатрабаваны сучасным грамадствам. Свята — гэта асаблівы перыяд жыцця чалавека, звязаны з момантамі узвышанага ўрачыстага стану душы. І толькі народная традыцыя захавала яго сапраўдныя форму і змест. Народныя песні, танцы, карагоды, інструментальная музыка, карнавалізацыя, атрыбутыка — усё заклікана на абуджэнне душы. Гэта вельмі эфектыўныя сродкі выхавання мастацкага густу ў дзяцей і навучэнскай моладзі, фарміравання творчага і «свабоднага» чалавека. Абрадавае свята «Загуканне вясны» ўжо другі год выклікае супярэчлівыя водгукі з боку ўдзельнікаў і назіральнікаў, але ніхто абыякавым да яго не застаецца, абуджае думку і натхняе на новыя пошукі. Народная спадчына захоўвае для нас шматлікія таямніцы, спасцігнуць якія мы заўсёды імкнемся.

Алесь Галіч

Фота Аляксея Фралова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0