26.10.2015 / 15:03

«Я не беларус сама, але мне гідка слухаць»: свята паэзіі на радзіме Анатоля Сыса падпсавала адна мясцовая жыхарка 66

 

24 кастрычніка на магіле Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна чарговы раз прайшло свята паэзіі.

Культурны дэсант з Мінска быў прадстаўнічы — Барыс Пятровіч, Алесь Наварыч, Андрэй Федарэнка, Алесь Пашкевіч, Ціхан Чарнякевіч, Сяржук Сыс, Віталь Рыжкоў, Міхась Скобла, Усевалад Сцебурака.

За музычнае суправаджэнне адказвалі Аляксандр Памідораў, Яўген Барышнікаў, Андрусь Мельнікаў.

Прыехалі ў Гарошкаў і гомельскія — Анатоль Бароўскі, Генадзь Лапацін, Іван Штэйнер, Анжэла Мельнікава.

Завіталі на прыдняпроўскія кручы Ларыса Раманава з Веткі і Вадзім Болбас са Светлагорска.

Першы раз за ўсе гады свята паэзіі на радзіме «паэта-растрыгі, паэта-прарока» прайшло пад дахам — у памяшканні Дома культуры вёскі Заспа.

Раней літаратары мерзлі і моклі ў двары ля хаты «Цішкі» (вясковая мянушка Сысоў). Надвор'е рэдка спрыяла — то снег, то дождж, то вецер, які вырываў словы з песень, шпурляў у неба.

Літаратары «будавалі хату Сыса» з цаглінак яскравых успамінаў пра яго.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч узгадваў пра знаёмства з паэтам у 1984 годзе, калі той толькі скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт і быў апантаны беларушчынай, а потым кінуўся ў вір сталічнага жыцця, дзе пачалося Адраджэнне, паўставалі «Талака», «Тутэйшыя», прайшлі першыя «Дзяды».

Барыс Пятровіч звярнуўся да землякоў Сыса, просячы іх успрымаць Анатоля ў першую чаргу як творцу, як вялікага паэта. Рэчыцкая зямля такіх геніяў яшчэ не нараджала. Ён нагадаў, што ў многіх вялікіх паэтаў лёс быў няпросты. «Вы бачыце нас — мы звычайныя, нармальныя людзі, але ж нешта нас кліча кожны год, нешта нас вядзе сюды, у Гарошкаў, незалежна ад надвор'я, бо быў тут і дождж, і снег, і тым не менш мы прыязджалі і праводзілі гэтыя паэтычныя святы ў двары Сыса, значыць, нечым ён важны для нас, значыць, нам хацелася нечым выказаць яму павагу і сваю любоў да яго як асобы і творцы», — патлумачыў Барыс Пятровіч.

Пісьменнік Міхась Скобла адзначыў, што аблічча зямлі, зямны ландшафт мяняецца вельмі хутка.

«Думаю, што калі і праз тысячы гадоў гадоў сюды збяруцца тыя, хто шануе талент Сыса — Анатоль іх сустрэне, як сустракаў сёння нас. Каменны, лагодны, як на помніку ў Гарошкаве. Генік Лойка добра зрабіў помнік, выбраўшы вось такі трывалы, у параўнанні з чалавечым жыццём вечны матэрыял. Праз тысячу гадоў можа тут самум будзе прамятаць пяскі з бархана на бархан паміж Заспай і Гарошкавам ці ўзнікне яшчэ адно Герадотава мора, якое было на Палессі. Але і тады знойдуцца людзі, нашыя з вамі нашчадкі, якія адграбуць гэты пясочак, пажнуць ці пакосяць чараты, і Анатоль Сыс будзе сустракаць іх», — падзяліўся паэт.

Прафесар Іван Штэйнер, загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта імя Скарыны упэўнены, што міфалагізацыя жыццёвага шляху Сыса павінна працягвацца, бо выключная асоба заўсёды абрастае міфамі. Хапае згадак пра Анатоля і ў сценах універсітэта. На пятым курсе, перад абаронай дыплома, а 23.00 ён неяк уваліўся ў кватэру загадчыка кафедрай, які быў рэцэнзентам яго працы, і прапанаваў зараз жа пачытаць яе. «А, у вас ёсць каляровы тэлевізар? Тады мы з сябрам паглядзім футбол у вас, а вы пачытайце!» — звярнуўся да выкладчыка студэнт. І выкладчык не адмовіў, надзіва.

Па Штэйнеру, у жыцці паэта ёсць лінія непасрэдна жыцця і лінія творчасці. Яны могуць не супадаць – нават адна адну перакрэсліваць, абыходзіць, адхіляцца. Але потым пачынаюць збліжацца.

Празаік Андрэй Федарэнка расказаў, як у 1987 годзе ён пачаў пісаць раман «Рэвізія». І быў так уражаны «фігурай Анатоля, наколькі ён аказваў на чалавека ўплыў, гіпнатызаваў, як чалавек трапляў пад яго магнетызм», што вывеў адным з галоўных герояў у сваім рамане. Хоць Сыс прасіў яго «не рабіць гэтага», бо «напіша кепска». «Але я яго не слухаў, пісаў пакрысе, і герой пачаў вырастаць, пачаў крышку ад Анатоля адасабляцца… Ён неяк спытаўся ў Нінэль Шчаснай: «Андруша раман выдаў? І як ён там мяне вывеў? Тая адказала, што цудоўна. Ну хай», — сказаў Анатоль», — падзяліўся пісьменнік.

Пасля друку зборніка «Агмень» Федарэнка прысвяціў Сысу верш, дзе былі такія радкі: «…Кніга твая — выспа шчырасці… Зварухнуць твань балота стаячага дадзена толькі паэту божай міласцю».

Алесь Наварыч узгадваў, як пры першай сустрэчы доўга і пранікнёна глядзеў на яго Сыс, і потым сказаў: «Наш!». Потым патлумачыў: «Я глядзеў на твой антрапалагічны тып — наш ты ці не наш».

«Прыгожы чалавек, і ведаў ён сабе цану, і гэта адпавядала вобразу, да якога ён імкнуўся — увасабленне беларускага тыпу. Калі памятаеце — хадзіў ён у белай кашулі, проста шалёна любіў бел-чырвона-белы сцяг, гэта для яго была такая святыня, нешта неймавернае, ён прыходзіў да мяне і пытаўся — дзе ў цябе сцяг вісіць?» — казаў Наварыч.

Па яго ўспамінах, Сыс неяк марыў, гледзячы на мапу Еўропы, што за ўсходнімі межамі Беларусі будзе адразу Ціхі акіян.

«Наша паліцэйска-марыянетачная дзяржава не адпавядае таму ідэалу, які быў у нас у 80-я, калі было Адраджэнне, рух наперад, а потым усё цяжэй і цяжэй, ды так, што ў Сыса вырваліся радкі «У гэтай краіне не маю я волі», — зазначыў пісьменнік.

На гэтых словах з залы раптам раздаўся крык: «Прасціця, вы тут не агітацыю ведзёце протів Беларусі? Вы жывёте в нашей стране! Вы мазгі нам не затуманьвайце», — папрасіла жанчына з залы.

Хутка яна, абураная, выскачыла. Дарэчы, з мясцовых было вельмі мала людзей. Некалькі чалавек, хоць на краме і вісела абвестка аб свяце паэзіі, прычым на «зразумелай» мове «… состоится праздник поэзии… организованный Союзом белорусскіх письменников».

Абураная выступленнем Наварыча пенсіянерка на ганку СДК патлумачыла свой дэмарш: «Я не беларус сама, но мне противно слушать, когда человек высказывает чужие слова. Я Анатоля вообще видела только один раз. Но дело не в этом. Меня кольнуло, что он что-то сказал, и мне не понравилось, вот что-то он сказал. Эта было похоже на агитацию, вы понимаете меня? А здесь люди всякие сидят, и все слышат, и выйдут отсюда с какими-то другими мнениями. Надо думать, что говорить, особенно теперь. Теперь лишнего говорить не надо! С его слов палучилось так, что Сыс не любил Россию. Я не знаю, любил он или не любил, но зачем это говорить на публику? Если вы приехали сюда, не надо ничего плохого говорить о человеке, а тут нотки нехорошие проскакивали. Я его ни одного стихотворения не читала. Я сама стихи пишу! Но если выйти и прочитать стихотворение — надо прочитать его четко, ясно, конкретно, и чтобы выразительно было, и с хорошими словами. А тут что? Один вышел — три строчки прочитал!» — патлумачыла, як трэба пісаць вершы, пенсіянерка.

Да яе далучыўся мужчына. Ён запаліў цыгарэту, і задуменна прамовіў, што ці не варта было б сюды «органы» выклікаць? «Стоіт мне только позвоніть в органы — і всё! Іх повяжут здесь! Я вот — среднестатістіческій челавек! Но я не магу панять — что ані тут гаварат?!» — абураўся вясковец.

Яму спадабаўся толькі Віталь Рыжкоў. «Едзінственный, кто чотка прачытал сціхатварэнне — проста расказал судзьбу людзей», — дадаў пенсіянер.

P.S. Пракляты паэт? Сыс ніколі не цураўся землякоў, «горада-героя» Гарошкава. Ён сваю малую радзіму, прыдняпроўскі худы пясочак, узнёс да Неба, склаўшы велічныя сімфоніі са слоў гэтым занядбаным гаротным празаічным мясцінам, дзе ён «крэпка рыбу лавіў на Дняпры». Ён выцягваў з гэтай зямлі чарапкі мілаградскай культуры, а ў багне трасянкі здолеў адкапаць дыяменты роднай мовы, адмыць іх ад чужынскага бруду, — каб свяцілі нашчадкам у вершах і песнях.

Чаму ж тады на свята паэзіі прыйшлі з мясцовых толькі некалькі чалавек? Не бачылі аб'явы, не мелі часу ў гэтыя хмарна-восеньскія апошнія дні, калі і ўсе працы на гародзе завершаны, і ўсе гарбузы пад паветку складзены, бульба ў капцы засыпаная, яблыкі саломай зацярушаны ў скрынках? Чаму землякі ўзгадваюць толькі нейкія дурныя гісторыі з удзелам паэта, які безумоўна не жыў па «маральным кодэксе будаўніка сацыялізму», а сам пісаў свае правілы, дзе першым прыказаннем выпаліў у сэрцы любоў да Радзімы з «бел-чырвона-белага радна».

Мне казалі: «Можа, гэта не мясцовыя? Цяпер шмат хто па Дняпры скупляе занядбаныя хаты, хто яны, што яны…»

Тады чаму «немясцовыя» дазваляюць сабе такія выказванні? Калі «немясцовыя» зрабіліся тут гаспадарамі, што пагражалі сёння на паэтаў «органы вызвать»?

А калі гэта мясцовыя? «Забыўся народ мой наймення дзядоў»? І «свету не бачыць далей азяроду»? Што застаецца — «вось воблака, сяду і ў свет палячу»?

Юлія Шымкевіч, Гарошкаў

0
дзядзькiн Самасад _ попел / Адказаць
25.10.2015 / 10:38
"Беларускай цемры" больш даспадобы расейскi ,,свет''.
0
З-пад Гомля / Адказаць
25.10.2015 / 12:13
Сумна гэта.
0
ня поняу / Адказаць
25.10.2015 / 12:47
як здавали касинерау Кастуся Калиноускага па вёсках,так и цяпер гатовыя здаваць,тольки за што???за тое,што выдадзена афицыйна. Дзе дзеци з Заспаускай сш,дзе Людзи з з Заспы,а не стукачы. Якога народа и якой культуры гэты пазорны дом "народнай творчасци",кали у им так адносяцца да паэта,яки любиу гэтых самых землякоу?
Паказаць усе каментары/ 66 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру