25 кастрычніка авіякампанія «Белавія» адкрыла штодзённы рэйс па маршруце Мінск - Адэса - Мінск.
Адэса стала другім пасля Кіева украінскім пунктам у маршрутнай сетцы беларускага перавозчыка.
У нацыянальным аэрапорце Мінск пасажырам адэскага рэйса будуць даступныя стыкоўкі для накіравання ў такія гарады, як Алматы, Астана, Ашгабат, Баку, Батумі, Краснадар, Калінінград, Масква, Санкт-Пецярбург, Тбілісі, Тэгеран.
Рэйсы будуць штодзённымі з вылетам з Мінска ў 13.00, з Адэсы - у 14.20 па мясцовым часе. Час у шляху - 1 гадзіна 30 хвілін. Палёты будуць выконвацца на самалёце «Боінг 737-500». Кошт квітка ў адзін бок - 97 еўра, туды і назад -196 еўра.
Да з'яўлення прамога авіярэйса ў Адэсу пасажыры з Беларусі маглі трапіць у гэты курортны горад на цягніку, які ходзіць раз на тыдзень. Кошт квітка ў плацкарце складае 48 еўра, у купэ - 77 еўра, час у шляху - амаль суткі.
Паколькі з сённяшняга дня паміж Украінай і Расіяй цалкам спыненыя авіязносіны з-за ўвядзення узаемных санкцый у дачыненні да авіякампаній, рэйс Мінск - Адэса - Мінск могуць актыўна выкарыстоўваць як украінскія, так і расійскія турысты.
Першапачаткова рэйс меркавалася запусціць летам гэтага года, але планы прыйшлося скарэктаваць у сувязі з ваеннымі дзеяннямі ў Украіне.
Сёння з Мінска ў Адэсу вылецелі 85 пасажыраў. З Адэсы ў Мінск адправіцца 110. Усяго борт месціць 142 пасажыры.