Старшыня руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч накіраваў віншаванне партыі «Права і справядлівасць» з перамогай на парламенцкіх выбарах у Польшчы, паведамляе прэс-служба руху.

«Шаноўны Сп. Качыньскі! Шаноўная спн. Шыдла! Хачу павіншаваць вас і Партыю «Права і справядлівасць» з пераканаўчай перамогай на парламенцкіх выбарах у Польшчы. Ад усяго сэрца жадаю вам усялякіх поспехаў у дзейнасці ўраду ПіСу па рэалізацыі праграмы зменаў ў Польшчы, краіне, з якой Беларусь аб'ядноўваюць трывалыя культурныя, гістарычныя, эканамічныя і чалавечыя сувязі. Моцная Польшча ў інтарэсах незалежнай і еўрапейскай Беларусі», — гаворыцца ў віншаванні

«Мы высока цэнім дасягненні ранейшага ўраду ПіСу і прэзідэнта Леха Качыньскага ў справе салідарнасці і падтрымкі дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і незалежнасці Беларусі, у прыватнасці стварэнне каналу «Белсат», адкрыццё Стыпендыяльнай праграмы імя К.Каліноўскага, аднаўленне дзейнасці Радыё «Рацыя» і многія іншыя праграмы», — адзначаецца ў паведамленні.

«Я ўпэўнены, што польскі ўрад будзе працягваць ягелонскую палітыку падтрымкі незалежнасці і еўрапейскага выбару маёй краіны і будаваць шчыльныя адносіны паміж народамі нашага рэгіёну Цэнтральнай Еўропы. Веру, што ў выніку нашых сумесных намаганняў адбудуцца дэмакратычныя змены у маёй краіне і ўзмоцняцца прыязныя дачыненні паміж беларускім і польскім народамі», — гаворыцца ў віншаванні. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0