26.10.2015 / 20:56

Гаварыць па-беларуску — уласная ініцыятыва старшага касіра Докшыцкай аўтастанцыі 34

«Добрай раніцы, паважаныя пасажыры!» — кожны дзень, у восем гадзін, гучыць з дынамікаў аўтастанцыі ў Докшыцах звонкі голас старшага касіра Зоі Казлёнак.

Зоя Казлёнак на сваім рабочым месцы. Фота Алены Несцяронак.

Ён добра знаёмы ўсім, каму часта даводзіцца набываць білеты на аўтобус. Гэты голас жыхары Докшыцкага раёна пазнаюць, як пазнавалі ў былым Савецкім Саюзе голас Юрыя Левітана. Пасажыры ж, якім даводзіцца пабываць праездам, заўважаюць з прыемным здзіўленнем, што рэйсы аб’яўляюцца на добрай беларускай мове — гэта ў наш час, на жаль, вялікая рэдкасць. Гаварыць па-беларуску — уласная ініцыятыва Зоі Віктараўны. «Трэба, каб госці нашай краіны адчувалі, што яны знаходзяцца ў Беларусі», — тлумачыць сваё рашэнне старшы касір. Такая вось, здавалася б, дробязная адметнасць выгадна вылучае докшыцкую аўтастанцыю сярод дзясяткаў іншых, «рускамоўных».

Гэта прыгожая, абаяльная, яркая і энергічная жанчына аддала працы на Докшыцкім участку ААТ «Аўтапрадпрыемства №14» г. Лепель ААТ «Віцебскаблаўтатранс» трыццаць два гады! Сямнаццаць з іх адпрацавала ў службе кантролю, на пасадзе старшага касіра — пятнаццаты год. Зоя Казлёнак тут, у Докшыцкім раёне, нарадзілася, тут яе дом, сям’я, сябры і любімая работа.

«З радасцю адчыняю раніцай дзверы агульнага ўтульнага кабінета. Наш маленькі калектыў (чатыры касіры, дзве прыбіральшчыцы) вельмі дружны, за шмат гадоў сумеснай працы мы сталі проста роднымі людзьмі, дзелімся радасцямі і праблемамі, дапамагаем адзін аднаму. Можа пахваліцца ён таксама ўвагай і падтрымкай адміністрацыі, і яшчэ вельмі прыемнае ў нашай рабоце -– словы ўдзячнасці, якія чуем шмат разоў на дзень, — распавядае Зоя Віктараўна. — Ведаеце, мы ганарымся, што ў нашай кнізе скаргаў і прапаноў няма ніводнага наракання, толькі падзякі».

Абавязкаў у старшага касіра шмат. Гэта вядзенне неабходнай дакументацыі, афармленне пуцявых лістоў вадзіцелям, аб’яўленне рэйсаў (наша гераіня не прапускае ніводнага, асабліва хвалюецца, каб пажылыя людзі своечасова трапілі на патрэбны), адказы на даволі частыя тэлефонныя званкі, улік рабочага часу і многае іншае. Зоя Віктараўна спраўляецца хутка і якасна, а яе звонкі голас і заўсёдная ўсмешка падымаюць настрой і вадзіцелям, і пасажырам.

Аўтастанцыя ў горадзе Докшыцы. Фота dokshicy.info

0
Аматар / Адказаць
26.10.2015 / 21:13
У Сьветлагорску (прынамсі калі даводзіцца бываць праездам) таксама абвяшчаюць па-беларуску. Ці то СПАЧАТКУ па-беларуску, а далей ужо ня слухаю :)
0
Генэрал Голад / Адказаць
26.10.2015 / 21:22
Вось малайчына, спадарыня Зоя! Здароўя Вам і годных вучняў!
0
Глыбоцкі малец / Адказаць
26.10.2015 / 21:27
Дзякуй, Зоя !!! і добрага жыцця
Паказаць усе каментары/ 34 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру