Беларусь і Кітай вядуць перамовы па бязвізавым уездзе арганізаваных груп турыстаў. Пра гэта паведаміў сёння намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной падчас круглага стала па тэме турызму, які праходзіць у Палаце прадстаўнікоў.

«Цяпер ідуць перамовы з урадам Кітая па бязвізавым уездзе для арганізаваных груп турыстаў, і ў снежні, я спадзяюся, гэты дакумент будзе падпісаны», — сказаў Міхаіл Партной. Ён нагадаў, што для турыстаў з КНР, якія маюць шэнгенскую візу, дазваляецца знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі 72 гадзіны (трое сутак).

Партной у цэлым адзначыў важнасць працягу працы па спрашчэнні візавага рэжыму з іншымі краінамі. «Мы бачым дапамогу ў гэтым плане з боку Міністэрства замежных спраў. Але тут неабходна працаваць з краінамі, бяспечнымі ў міграцыйным плане», — сказаў намеснік міністра спорту і турызму.

У прыватнасці, ён звярнуў увагу, што ў цяперашні час беларускія турысты могуць уязджаць без віз у Турцыю, а турэцкія грамадзяне — у Беларусь. «Гэта прыносіць свае вынікі. Нават ва ўмовах эканамічнага крызісу на 20% вырас паток турыстаў з Турцыі ў Беларусь», — сказаў чыноўнік. Аднак ён адзначыў, што паток турыстаў некалькі скараціўся з беларускага боку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?