Баранавіцкага актывіста Рыгора Грыка прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за правядзенне перадвыбарнага пікета Таццяны Караткевіч, паведаміў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, які быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Караткевіч. 

Маслоўскі ўдакладніў, што размова ідзе пра пікет, які правёў грамадскі актывіст Грык 27 верасня ў Баранавічах. 

«Пікетаванне адпавядала месцу, даце і часу, пазначаным у паведамленні, якое я, як давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Караткевіч, загадзя накіраваў у Баранавіцкі гарвыканкам. Гэты перадвыбарны пікет быў узгоднены са мной, а мой удзел у ім не быў абавязковым, — дадаў Маслоўскі. — Пікетаванне прайшло без прэтэнзій да мяне, як да заяўніка. Затым стала вядома, што ў дачыненні да Грыка за гэты пікет склалі пратакол як за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». 

Паводле слоў Маслоўскага, 27 кастрычніка ён выступіў сведкам з боку Грыка ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, дзе разглядаюцца матэрыялы гэтай справы. 

«Па ўсёй Брэсцкай вобласці праходзілі агітацыйныя пікеты за кандыдатаў у прэзідэнты і без удзелу іх давераных асоб. І толькі ў Баранавічах такога пікетоўца судзяць. Я лічу, што прыцягненне Грыка да адміністрацыйнай адказнасці не толькі супярэчыць Канстытуцыі, выбарчаму заканадаўству, але і з'яўляецца палітычна матываваным», — заявіў Маслоўскі. 

Ён адзначыў, што судовае пасяджэнне працягнецца 28 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?