Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда наклаў вета на змены да Закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях і аб рэгіянальных мовах. Пра гэта паведамляецца на сайце Канцылярыі прэзідэнта.

У прыватнасці, як адзначаецца ў паведамленні, сумневы ў кіраўніка польскай дзяржавы выклікаў артыкул, які дазваляе мясцовым органам самакіравання на ўзроўні паветаў, акрамя афіцыйнай мовы, карыстацца мовай меншасцяў.

Анджэй Дуда абгрунтаваў сваё рашэнне адсутнасцю фінансавых падлікаў для бюджэтаў паветаў і гмін, звязаных з увядзеннем і выкарыстаннем на іх тэрыторыі дапаможнай мовы.

Магчымасць выкарыстання, акрамя афіцыйнай мовы, мовы меншасцяў у паветах у якасці дапаможнай была самым важным артыкулам у законе.

Згодна з дзейным заканадаўствам, такая магчымасць існуе толькі пры разглядзе дакументаў органамі гміны. Змены павінны былі даць магчымасць грамадзянам-прадстаўнікам нацменшасцяў звяртацца ў органы самакіравання ў пісьмовай або вуснай форме, а таксама атрымліваць адказы на іх роднай мове.

Акрамя таго, па звароце нацыянальнай або этнічнай меншасці савет гміны мог бы таксама прыняць рашэнне ў форме пастановы аб прысваенні другой назвы мясцовасці або аб'екта на мове меншасцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?