Пачвары на канікулах — 2 (у арыгінале «Гатэль Трансільванія — 2»)
Жанр: мультфільм, камедыя, сямейны
Рэжысёр: Джэндзі Тартакоўскі
У ролях (агучка): Адам Сэндлер, Эндзі Сэмберг, Селена Гомес, Кевін Джэймс, Стыў Бушэмі, Дэвід Спейд, Кігэн-Майкл Кі, Эшар Блінкоф.
ЗША, 89 хв.
Адзнака: 7

Гісторыя незвычайнага гатэля, якім запраўляе граф Дракула, працягваецца. У глушы, далёка ад людскіх вачэй, кіпіць жыццё пастаяльцаў і персаналу гатэля для пачвараў і іх сяброў.

У Джонатана і Мэвіс — змяшанай пары чалавека і вампіра — нарадзіўся сын. Граф Дракула, вядома, шчаслівы, што стаў дзедам, але ён яшчэ не ўяўляе, якія цяжкасці чакаюць яго ў выхаванні дзіцяці. Кім стане маленькі Дэніс: чалавекам ці вампірам?

Падзеі фільма адбываюцца праз 7 гадоў пасля падзей першай часткі, якая выйшла на экраны ў 2012. Графу Дракулу цяпер 539 гадоў, яго дачцэ Мэвіс — 125, а Джонатану (чалавеку) — 28.

Сюжэт сканцэнтраваны вакол маленькага Дэніса, з якога дзед марыць зрабіць сапраўднага вампіра.

Стужку паказваюць з прафесійнай расійскай агучкай, у працы над якой брала ўдзел спявачка Паліна Гагарына (Мэвіс), а таксама Валянцін Гафт (стары вампір Улад). «Галасы падабраныя дзівосна, яны робяць мультфільм яшчэ больш яркім», — падзялілася Паліна.

Мультфільм вызначаецца прадуманасцю і дэтальнасцю. Прататыпам аэрапорта стаў Сан-Хасэ ў Паўночнай Каліфорніі, найбліжэйшы аэрапорт да горада Санта-Круз, адкуль родам Джонатан. Ідэю для летняга лагера, які наведваў Дракула ў маленстве (месцазнаходжанне лагера заставалася ў таямніцы 1000 гадоў), падказаў мастакам рэальны горад Р’юкан у Нарвегіі, пабудаваны ў вузкай даліне, куды практычна не пранікае сонечнае святло. У 2013 годзе на горным хрыбце для асвятлення горада ўсталявалі тры люстэркі, кожнае з якіх плошчай 17 м2.

Мультфільм атрымаўся вясёлы, з музычнымі ўстаўкамі і неблагім гумарам, але перанасычаны сучаснай поп-культурай. Ён падыходзіць для сямейнага прагляду і мае рэйтынг 6+.

***

Над мультфільмам працавалі 24 раскадроўшчыкі, 23 спецыялісты па візуальных эфектах, 17 мастакоў па афармленні слаёў, 105 аніматараў і 87 асвятляльнікаў. Усяго было намалявана 194 персанажы і 74 лакацыі. Фінальная мадэль прычоскі Дэніса складалася з 265 самастойных валасінак. Калі камп'ютар дамаляваў астатнія, колькасць узрасла да 150 000 валасінак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?