Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч у сераду паведаміў, што Менгарвыканкам яшчэ ня даў адказу адносна дазволу шэсьця на Дзень Волі.

6 лютага Аляксандар Мілінкевіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька і Мікола Статкевіч падалі заяўку на акцыю па наступным маршруце: ад плошчы Якуба Коласа да опэры.

На думку Івашкевіча, афіцыйны адказ павінен прыйсьці цягам гэтага тыдня. Але ў любым выпадку акцыя пройдзе па заяўленым маршруце. Палітык адзначае, што акцыя будзе насіць мірны характар. Каб падкрэсьліць гэта, заяўнікі шэсьця просяць прыходзіць а 18:00 на плошчу Якуба Коласа з кветкамі ў руках. Гэта патрэбна яшчэ і для таго, каб ускласьці кветкі да помнікаў паэтаў Якубу Коласу, Янку Купалу, Адаму Міцкевічу і Максіму Багдановічу.

З мэтай прадухіленьня правакацый, якія былі на «Сацыяльным маршы», будзе створаная адмысловая дружына. Патэнцыйных правакатараў адразу будуць затрымліваць і здаваць міліцыі.

Віктар Івашкевіч таксама просіць выходзіць на вуліцу з большай колькасьцю бел‑чырвона‑белых і эўрасаюзаўскіх сьцягоў, каб стварыць атмасфэру сапраўднага сьвята.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?