Патрулюючы вуліцы райцэнтра ў адзін з кастрычніцкіх вечароў, інспектар ДПС аддзела ДАІ Столінскага РАУС Міхаіл Прылуцкі заўважыў прадмет квадратнай формы на праезнай частцы.

Інспектар ДПС спыніўся, выйшаў з машыны і падняў яго. Гэта быў кашалёк карычневага колеру, у якім ляжалі беларускія грошы і замежная валюта, а таксама пластыкавыя карткі з указаннем звестак аб іх уладальніку.

«Адразу ж адправіўся ў дзяжурную частку нашага РАУС, дзе аддаў кашалёк з усім змесцівам і ў рапарце паведаміў пра знаходку, — распавядае міліцыянер. — Паколькі грошай было нямала, мяне зацікавіла, хто ж згубіў кашалёк і чаму такую вялікую суму носіць пры сабе. Ужо хацеў было прабіць па базе прозвішча гэтага чалавека, але, як аказалася, на той момант ён ужо звярнуўся ў міліцыю з заявай пра страту».

Міхаіл Прылуцкі ў прысутнасці калег асабіста перадаў кашалёк у рукі шчасліваму мужчыну, жыхару Гарадной Столінскага раёна, які ўжо слаба верыў, што зможа вярнуць кашалёк, у якім, акрамя банкаўскіх картак, было 900 000 беларускіх рублёў і 910 даляраў ЗША.

Як аказалася, кашалёк мужчына згубіў у той момант, калі выходзіў паглядзець меркаваную няспраўнасць у машыне.

На пытанне «Ці было жаданне пакінуць грошы сабе?», Міхаіл Прылуцкі шчыра адказаў:

«Нават думкі такой не ўзнікла. Чалавек страціў буйную суму, таму маім абавязкам было знайсці ўладальніка згубленага».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?