Перадумоў для узрушэнняў на валютным рынку Беларусі ў бліжэйшыя месяцы няма. Хутчэй за ўсё, кошт кошыка валют (даляр, еўра, расійскі рубель) паднімецца да канца года на 3-4%. Прыкладна гэтак жа зменіцца і курс асобных валют. Такі прагноз агучыла кампанія Альпары на выставе фінансавых паслуг «МанiФэст».

«Калі прааналізаваць паводзіны валютнага кошыка ў гэтым годзе, то можна ўбачыць, што ён даражэе кожны месяц у сярэднім на 1,5-2%, — нагадвае старшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб. — Думаю, да канца года нічога не зменіцца, кошык падаражэе на 3-4%, тое ж самае можна сказаць і па кожнай валюце асобна».

Гэта значыць, па словах эксперта, даляр у Беларусі ў канцы года будзе каштаваць не даражэй за 18 тысяч рублёў.

Такі прагноз дазваляе зрабіць паводзіны цаны на нафту. Яна, на думку аналітыка, цяпер знайшла свой раўнаважны ўзровень — у раёне 50 даляраў за бараль. Магчыма, цэннік «чорнага золата» будзе вагацца ў калідоры плюс-мінус 5 даляраў, а гэта значыць, што нейкіх шокавых узрушэнняў ні з расійскім рублём, ні, як следства, з беларускім адбывацца не будзе.

А вось ў 2016 годзе ўвесь свет чакае эпоха моцнага даляра.

«Хутчэй за ўсё, ключавая стаўка ФРС будзе павышана, а значыць, нас чакае рэзкі рост даляра і падзенне ўсяго астатняга», — падзяліўся прагнозам старэйшы аналітык.

Як паводзіць сябе звычайным беларусам у эпоху моцнага «амерыканца»?

«Калі вы робіце нейкія доўгатэрміновыя зберажэнні — на год, два і больш — я б рэкамендаваў палову сродкаў захоўваць у беларускіх рублях, але не пад падушкай, а на дэпазітах пад 29-30% гадавых, а другую палову — у далярах, — дае параду Вадзім Іосуб. — А вось ад таго, каб захоўваць грошы ў еўра, расійскіх рублях або купляць на іх залатыя зліткі, я б устрымаўся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?