Фермерскія гаспадаркі працуюць больш эфектыўна, чым сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, заявіў сёння міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат парламента.

«Эфектыўнасць фермерскіх гаспадарак на 8% вышэйшая, чым сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у цэлым», — сказаў міністр, адказваючы на пытанне дэпутата Мікалая Іванчанкі.

Паводле звестак міністра, у Беларусі цяпер больш за 2,9 тыс. Фермерскіх гаспадарак. Гэта 2% ад валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі па краіне. Акрамя таго, такія гаспадаркі выкарыстоўваюць 1,9% сельгасугоддзяў. Дзяржава аказвае падтрымку фермерам, у 2011—2015 гадах на гэта выдзелена Br567 млрд.

Леанід Заяц падкрэсліў, што ў беларускіх сельгаспрадпрыемстваў ёсць вялікі рэзерв. У прыватнасці, ён адзначыў, што на адну карову ў сярэднім надой складае ў год каля 4 тыс. 700 кг малака, у той час як у Еўропе атрымліваюць у два разы больш. У той жа час, лічыць кіраўнік ведамства, «ёсць магчымасць вырасці значна больш».

Пры гэтым ён сказаў, што «расці трэба на якасныя паказчыкі». У сувязі з гэтым, падкрэсліў міністр, неабходна даць больш самастойнасці кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?