Улады Грузіі пачалі працэдуру пазбаўлення губернатара Адэскай вобласці Міхаіла Саакашвілі грамадзянства, паведаміла міністр юстыцыі Тэа Цулукіані.

Саакашвілі будзе пазбаўлены грамадзянства Грузіі з-за таго, што ён прыняў украінскае грамадзянства, сказала міністр.

Некалькі дзён таму, распавяла Цулукіані, з Кіева паступіла афіцыйная нота, згодна з якой Міхаіл Саакашвілі стаў грамадзянінам Украіны. На падставе ноты ўлады Грузіі пачынаюць працэдуру спынення грамадзянства Саакашвілі.

«Пра гэта пісьмова будзе паведамлена зацікаўленая асоба ў Адэсе, якой будзе дадзены разумны тэрмін для вызначэння сваёй пазіцыі», — сказала яна.

«Згодна з законам, калі грамадзянін Грузіі атрымлівае грамадзянства іншай краіны, гэта з'яўляецца падставай для страты грамадзянства Грузіі», — заявіла міністр юстыцыі.

***

Міхаіл Саакашвілі быў прэзідэнтам Грузіі ў 2004—2007 і 2008—2013 гадах. Пасля адстаўкі ён некаторы час жыў у Нью-Ёрку, а потым прыехаў ва Украіну, дзе стаў нефармальным дарадцам ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі.

У канцы мая 2015 года Парашэнка прызначыў Саакашвілі губернатарам Адэскай вобласці. Для таго, каб Саакашвілі змог заняць гэтую пасаду, яму было прысвоена грамадзянства Украіны.

У Грузіі на Саакашвілі заведзена некалькі крымінальных спраў. Грузія звярталася да Украіны з просьбай выдаць яго, але ўкраінская Генпракуратура адмовіла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?