Беларус, дзе твая, халера, памяць?! Прачніся нарэшце! — хочацца часам выгукнуць яму проста ў вушы. Бо калі ў вочы, можа не здаўмецца, не пачуць, не зрэагаваць. “Што-та з памяцьцю маёй стала: усё, што помню, не са мной была…” — застрэміла мужыку-беларусу галаву штодзённая некалі патрыятычная савецкая песьня. Аказалася, гэта пра яго напісана.

Пры нагодзе мужык-беларус шукае сёньня ў сваім куфары, ці ў шуфлядзе. А мо’ у ЭВМ “Мінск-1” (так яна хіба называлася?), некалі самай прасунутай у СССР-ы. І вось у Старым горадзе цераз вуліцу транспарант “90 год беларускаму натарыяту” сёньня вісіць. Чытаеш і адчуваеш, што пакрысе пачынаеш тупець. Не кажу аб тым, што транспарант, які паведамляе пра рыцарскі турнір ці тэатральны фэст у гэтым месцы быў бы больш дарэчы. А пры канцы мінулага году вісеў іншы — “90 год ворганам ЗАГС Беларусі”. Паміж дзьвюма старасьвецкімі камяніцамі павесілі, халера! Тады ўжо давайце адразу: “90 год чырвонаму тэрору!”. Найбольш настальгічна атрымаецца.

Чыноўнік павінен ведаць, здаецца, што Беларуская савецкая рэспубліка была створана 1 студзеня 1919-га. Як 90 год, зыходзячы з гэтага атрымаць сёньня? Яны што: з глузду зьяжджаюць? Не інакш. Добра, няхай яны першай гэтай не заўважылі. Хутка зьнікла бо. Возьмем тады ЛітБел. Хаця тое ж самае атрымаецца. Няхай. Паехалі далей. Зрэшты, потым ніякай беларускай не існавала ў іх, пахавалі на баявы час, думалі нават зусім абысьціся. Але тут гэныя бэнээраўцы муціць ваду працягвалі, давялося даць ім адпор у выглядзе ССРБ. Гэта дзесьці ў другой палове лета 1920-га хіба здарылася (лянуюся зазіраць у іхнія энцыкляпэдыі, калі яны іх самі ўвогуле не разгортвалі).

Ну добра, гэта ўсё гульня ў словы, зразумела. Ясна, што яны адзначаюць дэкрэты ленінскія аб стварэньні ў Расейскай рэспубліцы рабочых і сялянскіх дэпутатаў усіх гэных загсаў-рагоў-капытоў. Вось кіты, на якіх іхняя дзяржаўнасьць трымаецца. Ах, а які сёлета настальгічны юбілейчык нас яшчэ чакае! Ніякія заготканторы не дакажуць! Пачакайце, 307 ажно гадкоў нашых слаўных айчынных інжынэрных войскаў!!! Якія, аказваецца, стварыў сам цар наш беларускі Пятро Першы Піцерскі ўласнай рукою!!! Але ж пагудзяць пантанёры, усіх пераплюнулі!!! Нават (тсс!) ЧК такое ня сьнілася і самім Узброеным сілам, міністар якіх толькі-толькі адзначыў усяго 90-годзьдзе сваёй “парафіі”. О, мужык-беларус! Такое ня мроілася нават самому Мюнхаўзэну! Ты спачатку адзначаеш 90 гадоў усёй сваёй арміі, а затым 307 гадоў іхняй часткі інжынэрнай. Мудрагеліста атрымліваецца, братка.

Ад усёй гэтай “гістарычнай кухні” пачынаеш адчуваць у сваёй галаве такі ж гармідар, які пануе ў галаве мужыка-беларуса. І мусіш пачынаць думаць у рэчышчы ягоных правадыроў. Але напачатку, прабачце, немагчыма не зрабіць заўвагу: калі нашую досыць эўрапейскую дзяржаўнасьць яны зьнішчылі цалкам толькі ў 1795 годзе, то інжынэрныя войскі Петруся Першага нават у выглядзе акупацыйных ніяк не маглі стаць першымі беларускімі пантанёрамі, бо да 1795-га ў нас існавала свая ўласная армія. (Карацей: больш правільна, нават паводле цяперашняй ідэалёгіі, пачынаць ад 1795-га баявы пуць). А нехта ж за гэнае “пантанёрства”, за вынаходлівасьць атрымаў “Ордэн Леніна Беларусі”, ці хаця б мэдаль “За абарону лініі Сталіна”, напрыклад. На худы канец грамату зь пячаткай для пакетаў нашых Вааружоных сілаў.

Але што там Пятрок Першы! Што мы зь ім, як зь пісанай торбай, уласна кажучы? У мяне, прапанова, таварышы! Прашу ўвагі! Цішэй! Слухаць сюды! Прапанова цымус! Калі нас упарта вучаць у школе, што строгі, але справядлівы цар Грозны Іван вызваліў слаўны горад Полацк ад войскаў іншаземна-гарадзенскага караля Баторыя, то гэны Іван нам вельмі да патрэбы сёньня, дальбог. Бо гэта раней за Петрыка Першага на паўтара стагодзьдзя бадай! І што атрымліваецца: юбілей ЧК мы зараз зможам адзначаць, пачынаючы ад апрычнікаў Грознага. Бо хіба ён для беларусаў горшы быў цар, чымсь Пятро Піцерскі? А гэта, бадай, лунае калі не ў паветры, дык у некаторых галовах. На навуковай канфэрэнцыі ў Новым замку, калі абмяркоўвалі гарадзенскую гісторыю і караля Баторыя, адзін дзеяч палічыў патрэбным зазначыць: раней пісалі адмоўна, а цяпер кажуць, што “прышчэпачка апрычніны аказалася вельмі карыснай для Расеі”.

Пахвала “прышчэпачцы” была рэакцыяй на словы: у Варшаве на вуліцах білборды з Баторыем і надпісам “Ён перамог Івана Грознага. Памятай!” А ці памятаюць беларусы? — закончыў прамоўца рытарычным пытаньнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?