У Акцябрскім (Гомельская вобласць) 3 лістапада адбудзецца суд па адміністрацыйным пратаколе, складзеным міліцыяй 30 кастрычніка ў дачыненні да лідара маладзёжнага крыла Аб'яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» Алёны Луцковіч.
Апазіцыянерка 30 кастрычніка правяла ў райцэнтры адзіночны пікет: выйшла да мясцовага рынку з плакатам «У мяне ёсць доказы, што выбары сфальсіфікаваныя!».
Пасля акцыі Луцковіч адправілася ў раённы аддзел Следчага камітэта, каб перадаць заяву з патрабаваннем правесці праверку вынікаў выбараў у райцэнтры. РАСК знаходзіцца ў адным будынку з РАУС, і супрацоўнікі міліцыі, пратрымаўшы актывістку каля трох гадзін, склалі на яе адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства).
«З міліцыі мяне адразу ж адвялі ў суд, але я адмовілася даваць паказанні на сябе, таму пасяджэнне адклалі да аўторка, у суд выклічуць сведак — супрацоўнікаў міліцыі», — паведаміла Луцковіч.
Паводле яе слоў, правядзенне пікету выклікала цікавасць у мясцовых жыхароў. «Большасць падтрымлівалі, пагаджаліся, што выбары фальсіфікаваныя, маўляў, усе пра гэта ведаюць. Казалі: мы ўсё разумеем, толькі зрабіць нічога не можам. Былі і такія, што негатыўна выказваліся, згадваючы падзеі ва Украіне», — зазначыла актывістка.
На прайшоўшых выбарах яна працавала назіральнікам на ўчастку № 2 Акцябрскага. Згодна з выніковым пратаколам, выбаршчыкі на ўчастку аддалі 226 галасоў за Таццяну Караткевіч, 21 — за Сяргея Гайдукевіча, 707 — за Аляксандра Лукашэнку, 28 — за Мікалая Улаховіча і 63 — супраць усіх. Разам з тым ЦВК на афіцыйным сайце змясціла інфармацыю, што ва ўсім Акцябрскім раёне за Караткевіч прагаласавалі 94 чалавекі. Усяго ў раёне быў 21 участак для галасавання.
Алёна Луцковіч і Андрэй Павук, які таксама назіраў на ўчастку № 2, адправілі заяву з патрабаваннем правесці праверку неадпаведнасці пратаколаў участковай камісіі і ЦВК у пракуратуру — раённую, абласную і генеральную. З інстанцый прыйшоў адказ, што заяўнікі не паспелі ў 10-дзённы тэрмін абскарджання, таму і скаргі не былі разгледжаныя па сутнасці.