Пажыццёвае зняволенне — такі прысуд сёння вынес Віцебскі абласны суд 55-гадоваму Дзмітрыю Голубеву за забойства старэйшага дзяржінспектара Аршанскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Генадзя Раўкова.

Нагадаем, раніцай 11 красавіка гэтага года кіроўца рэдакцыі раённай газеты «Наша Талачыншчына» Дзмітрый Голубеў знаходзіўся ў паляўнічых угоддзях каля вёскі Петрашы Талачынскага раёна з незарэгістраванай стрэльбай 16-га калібра — расчахлёнай і сабранай — і патронамі да яе. Пры гэтым дазволу на паляванне і паляўнічай пуцёўкі ў яго не было.

44-гадовы старэйшы дзяржінспектар Генадзь Раўкоў у гэты час знаходзіўся ў рэйдзе — быў у форменным абмундзіраванні, са знакамі адрознення і нагрудным знакам. Ён убачыў Голубева, прадставіўся, запатрабаваў спыніцца і прад'явіць дакументы.

Парушальнік праігнараваў патрабаванні інспектара, паспрабаваў уцячы. Калі Генадзь Раўкоў дагнаў яго, той стрэліў з стрэльбы ва ўпор і ўцёк. Дзяржінспектар памёр на месцы. Стрэльбу і патроны Голубеў паспрабаваў схаваць — раскідаў іх па дарозе. У яго доме выявілі 20 патронаў да зброі, дазволу на захоўванне і нашэнне якой у яго не было.

Суд па гэтай рэзананснай справе ішоў два месяцы — з канца жніўня. Спачатку дзяржабвінаваўца прасіў прызначыць абвінавачанаму 25 гадоў калоніі. Пракурор таксама падтрымаў пазоў удавы Раўкова да падсуднага на 300 мільёнаў рублёў за кампенсацыю маральнай шкоды.

У ходзе працэсу аднаго дзяржабвінаваўцу — Ганну Тылец, змяніў іншы — Сяргей Селіханаў. Новы пракурор запрасіў яшчэ больш строгае пакаранне — пажыццёвае зняволенне, і таксама падтрымаў пазоў жонкі загінулага.

Пазіцыя адваката Пятра Вянглінскага была наступнай: яго падабаронны невінаваты, а трагедыю на паляванні з самага пачатку расследавалі аднабакова, у тым ліку з-за ажыятажу ў прэсе. На думку абаронцы, Голубеў вінаваты толькі ў тым, што захоўваў незарэгістраваную зброю.

Абвінавачаны сваёй віны ў забойстве ў ходзе суда не прызнаваў. Не зрабіў ён гэтага і выступаючы з апошнім словам. Мужчына лічыць, што ў гібелі Раўкова вінаваты сам старэйшы дзяржінспектар, які не павінен быў вырываць у яго з рук ружжо.

«У апошнім слове Дзмітрый Голубеў быў эмацыянальны, прамаўляў каля гадзіны. Папрасіў суд правільна паставіць коску ў выразе «Пакараць смерцю нельга памілаваць», патлумачыўшы, што, на яго думку, не заслужыў пазбаўлення волі», — распавёў намеснік начальніка аддзела пракуратуры вобласці Сяргей Селіханаў.

Дзмітрый Голубеў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па п. 10 ч. 2 арт. 139 (Забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці або выкананнем грамадскага абавязку) і ч. 2. арт. 295 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) КК.

«Да абвінавачанага прымененая выключная мера пакарання ў выглядзе пажыццёвага зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі асаблівага рэжыму», — дадаў дзяржабвінаваўца.

Касацыйную скаргу, калі яна будзе, стане разглядаць Вярхоўны суд.

У загінулага Генадзя Раўкова, акрамя жонкі, засталіся яшчэ пажылая маці, дзве дачкі і маленькая ўнучка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?