30.10.2015 / 22:44

Пяць фактаў пра затрыманага сенатара-мільянера Андрэя Паўлоўскага 16

Члены савета рэспублікі пагадзіліся пазбавіць недатыкальнасці свайго калегу, сенатара Андрэя Паўлоўскага (займае 26-е месца ў рэйтынгу самых уплывовых і паспяховых бізнэсменаў Беларусі; 2-е месца ў аналагічным рэйтынгу Гродзенскай вобласці). Паводле інфармацыі Tut.by, ён затрыманы супрацоўнікамі КДБ. Яго нібыта падазраюць у нясплаце падаткаў.

«Наша Ніва» сабрала пяць фактаў з жыцця багатыра, які трапіў у няласку.

Фота Вольгі Лойка, Tut.by

Медык у медыцынскім бізнэсе

Маладосць пінчука Андрэя Паўлоўскага прыйшлася на час пераменаў — развал СССР і незалежнасць Беларусі. Ён якраз толькі скончыў Санкт-Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію і, адслужыўшы ў войску, уладкаваўся старэйшым лабарантам на кафедру акушэрства і гінекалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Зарплаты ў сферы аховы здароўя былі мізэрнымі, і Паўлоўскі вырашыў не сядзець на месцы. Як чалавек, абазнаны ў медыцыне, 25-гадовы прадпрымальнік стварыў кампанію «Біяком», якая займалася аптовым гандлем медыцынскімі прэпаратамі.

Цікава, што і другі гродзенскі мільянер, Валянцін Байко, таксама прыйшоў у бізнэс з бюджэтнай сферы — ён быў настаўнікам.

Арыентацыя на сельскую гаспадарку

Неўзабаве Паўлоўскі пераарыентаваў продажы на сельскую гаспадарку, але захаваў «медыцынскі» профіль. «Біяком Агра» прадаваў ветэрынарныя прэпараты, кармавыя дабаўкі і заатэхнічны інструмент, узгадваў бізнэсовец. З цягам часу кампанія стала адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў на прадпрыемствы Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Вытворчасцю Паўлоўскі заняўся ў канцы 2000-х, калі пабудаваў некалькі заводаў. Ён арганізаваў стварэнне замяняльнікаў цэльнага малака, вытворчасць кармоў, а таксама дзіцячага харчавання.

Група кампаній «Біяком» разгортавалася ва ўсёй Гродзеншчыне. Паўлоўскі інвеставаў у малочную вытворчасць, стаўшы акцыянерам ваўкавыскага «Беллакта», Шчучынскага масласырзавода і «Агракамбіната «Скідзельскі».

Дзяржава спрабавала павесіць на «Біяком» стратныя калгасы, аднак Паўлоўскі адмаўляўся да апошняга.

У тандэме з Песцісам

Доўгія гады гродзенскія аграрыі былі прадстаўленыя ў савеце рэспублікі ў асобе Вітольда Песціса, нязменнага (ажно з 1995 года!) рэктара Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Ён засядаў у верхняй палаце парламента з 2000 да 2012 года.

Апошнім часам яго месца заняў Паўлоўскі. Бізнэсмен лічыцца прадстаўніком ад Ваўкавыскага, Дзятлаўскага і Слонімскага раёна.

Адметна, што Песціс стаў… ягоным памочнікам. Іншы памочнік – Аляксандр Высоцкі, падначалены Паўлоўскага ў «Біякоме».

Колькі зарабляў Паўлоўскі

Некаторыя з кампаній, да якіх мае дачыненне бізнэсмен, маюць адкрытую справаздачнасць.

Напрыклад, за першае паўгоддзе 2015 года «Біяком» меў чысты прыбытак памерам $680 тысяч. Папярэднія гады былі для Паўлоўскага больш паспяховыя. У 2014 годзе «Біяком» прынёс яму $10,5 мільёна, за год да таго — яшчэ $13 мільёнаў.

За гэты ж час «Агракамбінат «Скідзельскі», у якім Паўлоўскі меў чвэрць акцый, атрымаў чысты прыбытак памерам каля 4 мільёнаў.

Падобна да справы «Консула»?

Паводле інфармацыі Tut.by, Паўлоўскага падазраюць у нясплаце падаткаў. Падрабязнасцяў справы пакуль няма, аднак

сітуацыя нагадвае тую, у якой апынулася тыдзень таму кіраўніцтва брэсцкай кампаніі «Консул».

«Консул» займаўся пастаўкамі імпартных харчовых дабавак і абсталявання для аграпрамысловага комплекса (той жа профіль бізнэсу, што і ў Паўлоўскага). «Выкарыстоўваючы больш за 40 падкантрольных фірмаў, арганізатары выводзілі за мяжу валюту, ухіляліся ад выплаты падаткаў і рэалізоўвалі прадукцыю канчатковаму спажыўцу з завышэннем цэнаў да трох разоў», — адрапартавала прэс-служба КДБ.

Нагадаем, за апошнія паўтара года недатыкальнасці пазбавіліся адразу трое сенатараў-мільянераў. Магілёўскага бізнэсмена Віталя Кастагорава абвінавацілі ў нясплаце падаткаў. Праз некалькі месяцаў зняволення ён заплаціў каля 350 тысяч еўра і выйшаў пад падпіску аб нявыедзе. Дырэктарка віцебскай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка падазраецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Паводле версіі следства, яна закупляла імпартны камбікорм, а не айчынны.

Ягор Марціновіч

0
Нехта лагодны / Адказаць
30.10.2015 / 22:58
так трымаць, следчыя!
0
mikola ramanau / Адказаць
30.10.2015 / 23:32
Geta *padstva*!
0
алекс / Адказаць
31.10.2015 / 00:39
Версия 1) борьба номенклатуры за сужающиеся ресурсы. Версия 2) Офигенные гвозди забиваются в крышку инвестиционного климата. Ито и другое может быть провокацией вражеских разведок. Ибо расшатываются опоры режима на котором держится сейчас белорусская государственность.
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру