Маскоўскі суд Берасьця не пакараў чатырох берасьцейскіх фанатаў, якія былі затрыманыя 10 кастрычніка падчас спробы выезду на акцыі апазыцыі ў Менск.
Судзьдзя Раман Карабан не прыняў абвінаваўчага рашэньня «за нязначнасьцю» правапарушэньня.
На сёньняшнім паседжаньні з чатырох фанатаў прысутнічаў толькі Андрэй Кавальчук:
«Нас не апраўдалі, сказалі толькі, што нашыя дзеяньні не нанесьлі шкоды. Але адседзелі мы двое сутак незаконна. Трэба думаць, як дабіцца, каб нас сапраўды апраўдалі», — кажа Кавальчук.
10 кастрычніка Андрэй Кавальчук з трыма сябрамі — Глебам Грынбергам, Мікалаем Хатынюком, Дзьмітрыем Абрамуком — выехалі зь Берасьця ў Менск на «Шэсьце нацыянальнага сьцяга». Але іх машыну перапынілі супрацоўнікі ДАІ на выезьдзе з гораду.
Хлопцам сказалі, што яны падобныя да злачынцаў, прывезьлі ў пастарунак ды зьвінавацілі ў брыдкаслоўі. Двое сутак фанаты правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў чаканьні суду.