«Берасьцейскі трыкатаж» пачаў фармавацца на пачатку 90‑х гадоў. Праўда, тады швачныя майстэрні ніхто брэндам не называў, дый слова гэткага ня ведалі. Існуе вэрсія, што ідэя прыватнай швачнай вытворчасьці была прынесеная ў наш горад з суседняй Польшчы. На мяжы дзесяцігодзьдзяў увесь савецкі народ стаяў на польскіх базарах і ў абмен на айчынныя электрапрыборы купляў замежны, шырспажыў. Між тым вырабы «эўрапейскай» лёгкай прамысловасьці часьцей за ўсё вырабляліся беларускімі швачкамі на паўлегальных польскіх фірмах. Нашы дзяўчаткі езьдзілі ў Польшчу на заробкі і такім чынам адзявалі сваіх суграмадзянаў у «made in».

Паступова палякі ўсё болей адчувалі сябе грамадзянамі эўрапейскага дому, у суседняй краіне стала расьці аплата рабочай сілы. Займацца бізнэсам на радзіме дробным краўцам падалося невыгодным. Так нашыя суседзі сталі арганізоўваць падобныя мерапрыемствы ў нас. Самым зручным пунктам для разьвіцьця такога бізнэсу было Берасьце. Горад абралі яшчэ й таму, што тут працавала адно з асноўных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці рэспублікі — трыкатажная фабрыка «Элма». Фірма, якая ў свой час давала пераможцаў прэстыжнага фэсту моды «Белая амфара». Паралельна развальваліся атэлье індывідуальнага пашыву — і спэцыялістаў, ахвочых працаваць у прыватным бізнэсе, зь ліхтаром шукаць не давялося.

Амаль адразу высьветлілася: дызайнэры Берасьця, якія ўвабралі эўрапейскія тэндэнцыі й мелі айчынную школу мастакоў‑мадэльераў, сталіся менавіта тымі людзьмі, якія ўгадалі сучасныя густы расейскіх модніц зь вялікай дакладнасьцю. У кароткі час у Берасьці ўзьніклі дзясяткі, а потым і сотні швачных фірмаў, аб’яднаных пад агульным народным брэндам «Берасьцейскі трыкатаж». Вядома, што штодзённа начны маскоўскі цягнік прывозіў у наш горад каманды дробных чаўнакоў — галоўных кліентаў краўцоў. Праўда, у апошнія гады чаўнакі сталі прадказваць, быццам памірае гэты берасьцейскі бізнэс, дорага стала і неяк меней густу… Маўляў, хутка «Берасьцейскаму трыкатажу» будзе гамон.

Аднак прадказаньні не збыліся. Наадварот, месца дробных коміваяжораў занялі прадстаўнікі гандлёвых дамоў Расеі, часта дыплямаваныя, што ведаюць толк у таварах. Гэты факт стаў лішнім пацьверджаньнем, што расяянкі яшчэ доўга будуць патрабаваць «Берасьцейскі трыкатаж».

Канкурэнцыю беларускаму тавару на расейскім рынку меркавалі стварыць узбэкі, казахі. Карыстаючыя тым, што рабочая сіла ў сярэднеазіяцкіх краінах значна танейшая і швачцы за працу можна плаціць да 100 даляраў ЗША, яны пачалі ствараць прадпрыемствы накшталт беларускіх. Агульны напрамак асартымэнту моцна нагадваў наш, айчынны — найперш дзелавы касьцюм для жанчын бальзакаўскага веку.

Аднак вельмі хутка рынак таннай вопраткі, дзе цэны вагаліся ў межах 30‑40 даляраў за камплект, занялі ўсюдыісныя кітайцы. Не дарма яшчэ некалькі гадоў таму гэтыя лоўкія людцы расшывалі берасьцейскія вырабы на дэталі і па іх канструявалі «свае» лякалы. Творчасьць падобнага кшталту не магла ня мець вынікаў. Калі да апошняга часу кітайскія швачы стваралі канкурэнцыю толькі вытворцам футболак і баваўняных штаноў, то цяпер грамадзяне КНР паквапіліся і на элегантны жаночы касьцюм. Канечне, кітайскія вырабы крыху розьняцца ад беларускага разуменьня элегантнасьці, таму й наш «Берасьцейскі трыкатаж» дасюль не згубіў пазыцый у канкурэнтнай барацьбе за гардэроб расяянкі.

Але год ад году гэты від бізнэсу стаў прыносіць берасьцейцам усё менш прыбытку. Мінулі тыя часіны, калі сабекошт аднаго жаночага касьцюму мог скласьці 10 даляраў ЗША, а яго сьмела прадавалі за 25‑30 у.а. — і берасьцейскі касьцюм ішоў на ўра. Па‑першае, аплата працы швачкі дайшла за максымальна высокай за апошнія гады плянкі і склала каля 400 даляраў за месяц. Таленавіты дызайнэр, почырк якога прафэсійныя расейскія таваразнаўцы лёгка ўлоўлівалі на вешалках, стаў прасіць за сваю творчасьць ня менш за 2 тысячы даляраў. І трэба было плаціць, іначай вядучы спэцыяліст лёгка мяняў запіс у працоўнай кніжцы. А ад яго ідэі, як сьцьвярджаюць кіраўнікі швачных фірмаў, адсоткаў на 60 залежыць увесь посьпех прадпрыемства. Было заўважана, як зьмена дарагога дызайнэра на больш таннага разбурала імідж прадпрыемства. Калі расейскі рынак спажываньня стаў прысылаць у Берасьце сапраўдных спэцыялістаў, яны з аднаго погляду вызначалі «чужую руку». І тады — бывайце, сталыя кліенты. Расейцы пачалі шукаць разынку на складах канкурэнтаў.

Былы посьпех краўцоў пахіснулі і асноўныя дастаўшчыкі тканіны з Кітаю, Тайваню і Турцыі. Да апошняга часу гэтыя мілыя людзі значна заніжалі адпускную цану свайго тавару. Напрыклад, нашы суайчыньнікі куплялі ў Турцыі тканіны коштам 3 даляры за мэтар, а ў дакумэнтах туркі з добрае душы запісвалі 1 даляр. Адсюль больш нізкімі былі і мыты і ПДВ. Але пасьля некаторых дзяржаўных пагадненьняў на самым высокім узроўні ў гэтай сфэры быў наведзены парадак. Кітай, Тайвань, адкуль везьлі тоны тканіны ў Беларусь, выдалі нашаму боку інфармацыю — коды тавараў з указаньнем іх сапраўднае цаны. У апошні час фірмы, якія маюць імёны, сталі заключаць дамовы з Італіяй. І хаця там тканіны значна даражэйшыя, яны неабходныя для іміджавых калекцый берасьцейскіх фірмаў.

Але галоўная непрыемнасьць для берасьцейскага брэнду зьявілася зь іншага боку. Па‑першае, неабходнасьць перарэгістравацца прыватным прадпрымальнікам у юрыдычныя асобы адразу паставіла крыж на многіх дробных фірмах, дзе швачкі працавалі як прадпрымальнікі. Калі высьветлілася, што цяпер «Берасьцейскі трыкатаж» усім сваім шматсоценным войскам мусіць перарэгістравацца ў ПУП і зрабіць дакумэнтацыю цалкам празрыстай, дробныя фірмы сталі закрывацца. Буйныя прадпрыемствы сталі пераводзіць свой бізнэс за мяжу.

Асноўнай тэрыторыяй, дзе сёньня берасьцейскія краўцы разьмяшчаюць сваю вытворчасьць, стала Украіна. Такую сытуацыю апраўдваюць дзьве прычыны. Па‑першае, паводле інфармацыі нашых суразмоўцаў, там вельмі проста пачаць бізнэс. Дастаткова некалькіх дзён, каб аформіць усе неабходныя паперы. Прывозіш пакет папер у выканаўчыя органы мясцовай улады. На наступны дзень атрымліваеш дазвол на вядзеньне бізнэсу, прыходзіш у банк і там на працягу адной‑дзьвюх гадзін афармляеш усе неабходныя рахункі. Акрамя таго, у суседняй краіне простая заканадаўчая база і весьці бізнэс значна прасьцей, чым у Беларусі ці Расеі. Але самае галоўнае, калі беларуская юрыдычная асоба павінна сплачваць да 80 адсоткаў ад прыбытку у выглядзе падаткаў, то ўкраінская — ня больш за 50.

Мяркуем, што вялікія фірмы, як NELVA, «Бурвін», «Панда», CONDRA, ня стануць цалкам пераводзіць свае адрасы за мяжу. Аднак гэтыя імёны ўжо сёньня выведзены зь «Берасьцейскага трыкатажу». У іх атрымалася за апошняе дзесяцігодзьдзе стаць самастойнымі брэндамі, якім ня трэба дадатковыя рэкамэндацыі. Вядома, што ўсе вядучыя прадпрыемствы берасьцейскіх швачоў маюць іміджавыя лініі, дзе вырабляюць толькі высокаякасную вопратку. Такія вырабы коштам ад 200 даляраў і вышэй прадстаўляе ў Менску і сталіцы РФ берасьцейская фірма NELVA.

Але як апору дзяржавы складае сярэдні клас, так і ролю трох сланоў «Берасьцейскага трыкатажу» адыгрывалі сярэднія фірмы, якія да апошняга часу строга сачылі за тым, каб кошты на іх вырабы не выходзілі за рамкі магчымасьцяў кашальку настаўніцы зь невялікага расейскага гораду. Арыентуючыся на гэтага кліента, у сёньняшніх умовах балянс «цана‑якасьць» стала ўтрымліваць катастрафічна цяжка. Так што берасьцейцы пайшлі выпрабаваным шляхам.

У сярэдзіне 90‑х палякі прыходзілі на нашу зямлю, каб разгарнуць гатовы бізнэс у больш выгодных умовах. Сёньня адбываецца масавы сыход беларускіх швачоў на Украіну. Дробныя фірмачы імкнуцца атабарыцца дзесьці бліжэй да нашых межаў — у Ковельскім раёне Валынскай вобласьці можна знайсьці швачак, якія працуюць за сотню даляраў у месяц. Тыя, хто можа дазволіць плаціць болей, рухаюцца далей да Кіева. Там, зразумела, швачкі цэняць сваю працу крыху вышэй, але створана вялізная сетка гандлёвых шляхоў, якіяч вядуць на прасторы Расеі. І суседзі ласкава даюць беларусам магчымасьць імі скарыстацца.

Тацяна Шаламава, «Вечерний Брест»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0