Пяцёра беларускіх апазіцыйных лідараў звярнуліся да ЕС з просьбай перазагрузіць ўнутраныя перамовы аб дэмакратычных рэформах у Беларусі, паведамляе Euobserver.

wikimedia.org

wikimedia.org

Як гаворыцца ў адкрытым лісце да кіраўнікоў інстытутаў ЕС, блок павінен выкарыстаць свой уплыў на Аляксандра Лукашэнку, каб перазагрузіць Круглы стол паміж уладай і апазіцыяй, закансерваваны ў 1999 годзе.

Палітыкі лічаць, што «перамоўны працэс», які павінен уключаць пасрэднікаў ад АБСЕ і ад органаў ЕС, можа «пашырыць прастору свабоды» для рэфармістаў.

Яны таксама заклікалі ЕС патрабаваць лепшых стандартаў у Беларусі падчас парламенцкіх выбараў у наступным годзе, напрыклад, шляхам прыняцця апазіцыянераў у выбарчыя камісіі і забеспячэння «адкрытага і празрыстага» падліку галасоў.

Ліст з'явіўся ў пятніцу, пасля таго, як ЕС прыпыніў на чатыры месяцы санкцыі супраць Лукашэнкі і яго атачэння.

Зварот падпісалі Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч. Таццяна Караткевіч і Аляксандр Мілінкевіч падпісваць зварот адмовіліся. Апошні, паводле яго слоў, з-за таго, што «пакінуў палітыку».

У 1999 годзе пры дапамозе кансультацыйна-назіральнай місіі АБСЕ пад кіраваннем Ханса Георга Віка была спроба наладзіць дыялог паміж афіцыйным Мінскам і беларускай апазіцыяй. Мэтай перамоў павінен быў стаць рэгулярны доступ апазіцыйных партый да сродкаў масавай інфармацыі, дэмакратычныя рэформы парламента, сапраўды свабодныя і справядлівыя выбары, спыненне пераследу палітычных апанентаў на аснове Крымінальнага кодэкса і адміністрацыйнага судаводства. Аднак гэтая спроба пацярпела фіяска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0