У дачыненні да жыхаркі Гомельскага раёна, якая ўчыніла ДТЗ 24 кастрычніка, распачатая крымінальная справа за «гвалт або прымяненне гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС». 

У гэты дзень інспектары ДАІ атрымалі інфармацыю пра ДТЗ у пасёлку Урыцкае і спробу віноўніка ўцячы, паведаміла інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Наталля Халалеенка. 

«Адзін з супрацоўнікаў, калі прыбыў на месца здарэння, падышоў да жанчыны і, назваўшы сябе, пацікавіўся, хто быў за рулём аўтамабіля. Жанчына, якая была нападпітку, растлумачыла, што за рулём быў яе муж, — сказала інспектар. — Для размовы і афармлення правапарушэння кіроўцу аўтамабіля, які, дарэчы, таксама быў п'яны, было прапанавана прайсці ў службовы аўтамабіль». 

«Як толькі мужчына сеў у службовы аўтамабіль, у натоўпе прахожых, дзе была і жонка парушальніка, супрацоўнікі пачулі размову на павышаным тоне, якая пераходзіла на крык. Адзін з супрацоўнікаў ДАІ выйшаў з аўтамабіля і падышоў да групы людзей, каб высветліць прычыну канфлікту. Калі супрацоўнік наблізіўся да іх, на яго наляцела жанчына з пагрозамі, стала біць і хапаць яго за форму. Яго напарнік паспяшаўся на дапамогу калегу. Справакаваўшы бойку, зачыншчыца кінулася да службовага аўтамабіля, каб знішчыць дакументы. Толькі з дапамогай наручнікаў супрацоўнікам ДАІ ўдалося супакоіць мужа і жонку», — паведаміла Халалеенка. 

Як пазней высветлілася, за рулём аўтамабіля, які ўчыніў ДТЗ, знаходзілася менавіта жанчына, а не яе муж. Хуліганку даставілі ў наркадыспансер, але ад праходжання агляду яна адмовілася. У выніку жанчына панясе не толькі адміністрацыйную адказнасць у выглядзе буйнога штрафу і пазбаўлення права кіравання машынай на тры гады, але і крымінальную.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?