Сёлетні фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» будзе ўжо 17-м па ліку і пройдзе 21-22 ліпеня. Пэрыяд актыўнай падрыхтоўкі да сьвята рок-музыкі пад адкрытым небам распачаты! Вось асноўныя даты ў падрыхтоўцы фэстывалю:

11 траўня

Падвядзеньне вынікаў конкурсу на лепшы лягатып да «Басовішча-2006».

Лягатып на конкурс мусіць быць адаптаваны да трох відаў традыцыйнай прадукцыі на «Басовішчы»: плякат, значак, майка.

Дапускаецца пэўнае адрозьненьне выяваў на гэтых трох носьбітах, але яны мусяць быць у адным стылі. Вітаецца дасыланьне працаў у вектарным фармаце (cdr, ai, eps).

Кожны можа даслаць свой варыянт на конкурс Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы (БАС). Электронны адрас: [email protected].

Пераможцу чакае прыз у 650 злотых (каля 200 даляраў).

28 траўня

Да гэтай даты прымаюцца дэма-запісы ад зацікаўленых гуртоў. Найлепшыя трапяць на адборачны канцэрт.

11 чэрвеня

Да гэтай даты будзе вызначана, хто едзе на «Басовішча-2006» у якасьці канкурсантаў, а таксама гасьцей фэстывалю і запрошаных зорак. Большасьць канкурсанаў абярэ журы падчас адборачнага канцэрту. Яшчэ адзін гурт абяруць інтэрнэт-галасаваньнем на сайце «Тузін Гітоў».

1 ліпеня

Вызначэньне гуртоў-удзельнікаў «Вольнай сцэны». Гэта пляцоўка на «Басовішчы» для тых, хто не бярэ ўдзелу ў конкурснай праграме. Каб трапіць туды, трэба гурты мусяць даслаць свой дэма-запіс арганізатарам да 1 ліпеня.

Заяўка ад гурту на ўдзел у конкурснай праграме «Басовішча» мусіць уключаць запіс адной (ці болей) песень па-беларуску на CD-носьбіце. Яшчэ абавязковымі ўмовамі зьяўляюцца наяўнасьць 20-хвіліннай музычнай праграмы па-беларуску. Таксама музыкі-удзельнікі на момант правядзеньня адборачнага канцэрту мусяць мець у пашпартох штампікі з дазволам на выезд за мяжу.

Адрэсу для дасылкі дэма-запісаў можна даведацца, патэлефанаваўшы па нумарох: 6855239 ці 2646974.

Уся падрабязная інфармацыя пра «Басовішча-2006» рэгулярна зьяўляецца на сайце studenty.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0