І

Памяці герояў космаса

Восток-1

сперматазоід чалавецтва
са жгуцікам даўжынёю сто восем хвілін:
Зямля заўважна акруглілася

Apollo-11 

one small step
аднапавярховая Амерыка

пакінула бутэльку малака на суседзкім ганку

one giant leap
саранча
у бурштынавым скафандры

* * *

ён і яна

іх супольная фатаграфія,
што была зроблена на стужкавы фотаапарат
яшчэ да з'яўлення тэхналогіі anti-red eye,
падобная на гульню бейсбольных клубаў
Rochester RED Wings ды Pawtucket RED Sox
што пачалася 18 красавіка 1981 года
і доўжылася больш за 8 гадзінаў

гульня была перапыненая з нічыйным лікам
толькі раніцай 19-га
(за гэтую ноч абедзве каманды
зрабілі 882 падачы )

праз два месяцы
сустрэча была даведзена да канца —
Крылы зламаліся адразу

II ♥
NY

НЬЮ-ЁРКСКІЯ БРАТЫ-БЛІЗНЯТЫ:
ПЕРАБЛЫТАНЫЯ Ў ДЗЯЦІНСТВЕ БУЭНДЗІА

Хасэ Аркадзіа ІІ

зранку
намагаецца пралупіць вочы
у ненатуральна ламанай позе — N
у вагоне нью-ёркскага метро
у гадзіну пік

праз рэшткі сну
ён раптам усвядоміць:
усе гэтыя яго спадарожнікі
усе гэтыя тры тысячы целаў
усе яны — мёртвыя штодня

да свайго прыпынку едзе
ужо як цудам жывы

Аўрэліяна II

бясконцымі дажджлівымі вечарамі
гэты нястомны жыццялюбца
расхінае плашч
і дэманструе сваю эрэкцыю — Y
выпадковым мінакам у Central Park:

пладзецеся, каровы, — бо жыццё занадта кароткае!

яго жыццё скончыцца
у адзін дзень з братам

іх смерць з канчатковым пераблытваннем
пакажуць у жывым эфіры
усіх тэлевізійных томікаў
што транслююць
сто гадоў адзіноты

РОБАТ«ПАЦУЧЫНЫ КАРОЛЬ-СОНЦА» 

два хлапчукі ў палацавых пакоях
прыдумляюць новую гульню

правілы такія:
кожны запускае па механічным пацуку
і, калі тыя
працяжнікамі-хвастамі
сплятуцца ў пацучынага караля,
то кожны з гульцоў мусіць паспець
першым назваць атрыманага вырадка
дзяржава — гэта я 

той, хто прайграў,
смеху дзеля, апране жалезную маску

пераможца —
пакіне завадную цацку сабе

PUKSTJAZZ: ПРАСТАКУТНІКІ І КРУЖОЧКІ

вокладкі альбому, што размаляваныя ўручную
для самаробнага накладу на cd —
яны нібыта купюры,
што былі кінутыя ў фантан на Востраве слёз
у Мінску, сталіцы Беларусі —
краіны,
дзе манеты не чаканяць,
і таму
ў фантан на Востраве слёз кідаюць купюры —
размоклыя
рознакаляровыя насоўкі
рознай вартасці

Карнавальны фантан Жана Тэнглі

Рэшата

рэшэта чэрпае з самых глыбінь:
прапускае праз сябе
глыбіню

Павук 

павук настройвае эолаву арфу:
навязлівы матыў чапляе адразу
і ўжо не адпускае ніколі

Мятліца

адбітак неба ў вадзе:
мімалётна праплывае
луска птушак і пер’е рыб

Тэатральная галава

шчырасць і бляск у вачох
прафесійнай плачкі
што выстаўлена на вуліцу

Дрыжыкі

жук, які ляжыць на спіне,
лапкамі перабірае варыянты:
вагацца, хістацца, гойдацца

Блазан Заўзэр

блазан, якому на час даверылі карону,
удзячна вітае ўсіх узнятымі дагары рукамі:
усе дзесяць пальцаў круцяцца ля скроні

Флейтыст

музыка праз трубачку
на адным дыханні:
падсвядома ўсплывае Гамельн

Капач

чорны капач знайшоў кроплю ў моры:
кругі, што пабеглі па паверхні,
таропка закідвае жменямі вады

Пырскалка

з поля бітвы
спяшаешся дадому
заправіць вадзяны пісталецік

Фантан

шматкроп'е курсівам:
прыгожыя радкі ні аб чым —
адна вада

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0