Усё ніяк — забыццё. Толькі дзіўная стома з дрымотаю:
І забіць, як заўжды, — не заб’е.
І дакладна не зробіць мацней.
Усё не цёмная ноч. Толькі дзень з абсалютнай самотаю.
Пад зацвілай вадой сорак лье.
Выплываеш — і зноўку на Цне:
Нехта тоне адзін за туманным чаротам, на беразе.
Штохвілінна, штодзень між бетонных растрэсканых глыб.
Рвуцца навалкі ў неба з вяровак як белыя ветразі
І растуць пад арэлямі ямы ушыр і углыб.

Нікуды з ніадкуль не прыйсці. Не сысці і не вы-ісці.
Гэта шлях безнадзейна крывы
Ад таго, што пытанне — цаны.
Адрыўны каляндар на сцяне просіць жалю і літасці.
Я з дзяцінства баюся крыві —
Сераду не сарваць са сцяны,
А сядзець і пісаць пра сябе, ўсё няладна ды пропісам
І сябе ж правяраць нібы газ, і святло, і ключы
І круціць галавой, як прабітым запыленым глобусам,
Эліптычнасць сваю несучы. Эліптычнасць сваю несучы…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?